КР падпісала мемарандум з украінскім фондам, заснавальнік якога праславіўся фразай «украінцы заслужылі вайну»

Гэты фонд прапанавала для супрацы блогерка Таццяна Мартынава.

12.07.2024 / 12:29

Дэпутаты Каардынацыйнай рады вырашылі не толькі выпусціць заяву з асуджэннем расійскага ўдару па кіеўскай дзіцячай бальніцы «Ахматдзет», але і сабраць грошы на дапамогу ўкраінцам. Узнікла пытанне, на які рахунак збіраць.

Лідарка фракцыі «Хопіць Баяцца» Таццяна Мартынава прапанавала для гэтых мэтаў звярнуцца ў фонд «Омріяна Країнa». «Гэта мае сябры, я за іх ручаюся, — патлумачыла блогерка. — У іх звычайна ёсць свабодныя рахункі пад валанцёрскія праекты. Такім чынам мы атрымліваем правераных контрагентаў у Кіеве, мінімізуем страты на пераводах і празрыстую справаздачнасць».

Таццяна Мартынава на дэбатах на «Белсаце»

У выніку сакратарыят Каардынацыйнай рады абвесціў пра рашэнне рэалізоўваць сумесныя праекты з гэтым украінскім дабрачынным фондам. Таццяне Мартынавай даручалі заключыць мемарандум аб супрацоўніцтве.

Але ідэя мемарандума выклікала здзіўленне ў многіх дэпутатаў Каардынацыйнай рады. 

«Скажыце, у нас цяпер КР будзе заключаць мемарандумы з усімі арганізацыямі тыпу НКА і фондамі, з якімі ёсць сувязі і адносіны ў дэлегатаў КР?», — запыталася ў чаце для абмеркавання Святлана Мацкевіч.

«Я не супраць, але якое дачыненне фонд, зарэгістраваны прыватнай асобай ва Украіне, мае дачыненне да дэмакратычных сіл Украіны? Калі мы разглядаем КР як палітычны суб'ект, то падпісанне мемарандуму з фондам выглядае як мінімум дзіўна, асабліва калі ініцыятары не могуць адказаць на пытанні, навошта гэта патрэбна КР», — дадаў старшыня кіраўнічай суполкі беларусаў Уроцлава Ян Маркаў.

Мартынава адказала яму: «Як мінімум, каб мець магчымасць і інструменты рэальных дзеянняў для дапамогі ўкраінцам у барацьбе з расійскай агрэсіяй. А не проста пустыя заявы публікаваць, якія ні на што не ўплываюць. Палітычны суб'ект? Ок. На палітыку якой краіны мы можам паўплываць? Палітычная вага КР у свеце пакуль каля нуля. Павысіць яго можна толькі рэальнымі дзеяннямі, якія будуць аб'ядноўваць намаганні беларусаў у канкрэтных кірунках».

Тым не менш дэпутаты пачалі гугліць, што за «Омріяна Країнa». Выявілася, што гэта арганізацыя, у якой ёсць двое заснавальнікаў — філосаф-футуролаг Аляксей Талкачоў, а таксама Юліяна Талкачова, якая пазіцыянуе сябе як нейра-энергетычны кінезіёлаг і сэкс-коуч.

Іх фонд уяўляе сабой «глабальны рух пасіянарыяў і стваральнікаў светлай будучыні».

Футуролаг Аляксей Талкачоў. Фота з яго фэйсбука

Аляксей Талкачоў напісаў некалькі кніг, але ў інтэрнэце згадваецца перадусім як аўтар скандальнага выказвання «ўкраінцы заслужылі гэту вайну».

«Цяперашняя вайна з'яўляецца заканамерным наступствам 30 гадоў нашай безгаспадарлівасці, разгільдзяйства, эгаізму, крадзяжу, маральнай дэградацыі і гнілі. Мы пра*ралі краіну, якая ў 1991 годзе па ўзроўні ВУП толькі ў 5-7 разоў саступала Кітаю. Усё спусцілі, раскралі, разбурылі. Нічога і нікога не шанавалі.Чаму так? Таму што «ўрваць сабе», эгаізм, хітрадупасць, «на*раць на ўсіх» стала маральным крэда нашых людзей», — напісаў Талкачоў у сваім допісе ў фэйсбуку ў ліпені 2023 года, на другі год вайны. Яго меркаванне выклікала рэзананс у сацсетках, сабрала каля 50 тысяч рэпостаў.

Nashaniva.com