Маркаў заклікаў замясціць YouTube, Telegram, Instagram і TikTok беларуска-расійскімі сацсеткамі
12.07.2024 / 16:50
Міністр інфармацыі лічыць, што Беларусь і Расія прайграюць у інтэрнэт-прасторы.
Марат Маркаў. Фота: Белтэлерадыёкампанія
Марат Маркаў лічыць, што Беларусь і Расія павінны развіваць свае сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-сэрвісы, каб пазбавіцца ад залежнасці ад заходніх прадуктаў.
Міністр інфармацыі Беларусі лічыць, што заходнія сэрвісы і сацсеткі беларусам навязвалі многія гады. У выніку, Беларусь і Расія прайграюць у інтэрнэт-прасторы, піша БелТА.
«Рэсурсы, якія гавораць зусім не тое, што хацелася б нашым заходнім калегам, закрываюцца ў любы момант, мінімізуюцца, песімізуюцца, адпраўляюцца ў ценявы бан ці ўвогуле аднамомантна выключаюцца, маючы нават мільёны падпісчыкаў. І гэтую праблему трэба вырашаць», — лічыць Маркаў.
Ён прапануе замясціць YouTube і іншыя сацсеткі і платформы сваімі інструментамі. Напрыклад, расійскай платформай RuTube.
«Мы павінны мець падобнага роду інструменты, з імі працаваць. Значная частка нашых дзяцей сядзіць у Telegram, ТікТок, Instagram і г. д. але гэта не нашы інструменты. І гэтае пытанне трэба вырашаць, у тым ліку ў рамках медыяхолдынга, які будзе стварацца», — рэзюмаваў Маркаў.