БАДы і бытавую піратэхніку зноў можна будзе прадаваць праз інтэрнэт

Савет Міністраў прыняў рашэнне зняць забарону на продаж біялагічна актыўных дабавак (БАДаў), ветэрынарных прэпаратаў і піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння праз інтэрнэт. Як растлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), такое рашэнне ўрад прыняў 10 ліпеня 2024 года.

12.07.2024 / 18:02

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pexels.com

Тэкст урадавай пастановы №489, якая змяняе ўмовы продажу БАДаў у Беларусі, пакуль не выклалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, аднак у МАРГ ужо раскрылі некаторыя падрабязнасці новага заканадаўчага акту.

Калі цяпер купляць БАДы і ветпрэпараты беларусы могуць толькі ў аптэках, а праз інтэрнэт — толькі на замежных пляцоўках (дастаўка поштай не забароненая), піратэхніку ж і ўвогуле можна набыць толькі ў гандлёвых цэнтрах, крамах і кіёсках, то ў хуткім часе гэтыя абмежаванні адменяць.

У МАРГ падкрэслілі, што ў заканадаўстве будуць дакладна прапісаныя патрабаванні да ўладальнікаў інтэрнэт-пляцовак і пунктаў выдачы заказаў для гэтых відаў тавараў.

Акрамя гэтай змены, новая пастанова ўрада прадугледжвае яшчэ некалькі значных навацый. У прыватнасці, крамам дазволілі вяртаць пастаўшчыкам непрададзеныя малочныя і мясныя прадукты, а таксама хлебабулачную прадукцыю з тэрмінам прыдатнасці да 30 дзён уключна.

Гэтыя катэгорыі тавараў таксама дазволілі пастаўшчыку замяняць на такія ж тавары, альбо кампенсаваць іх кошт, пры ўмове, што рэшткавы тэрмін прыдатнасці або захоўвання складае не менш за 48 гадзін.

Акрамя таго, крамам і аб'ектам грамадскага харчавання дазволілі часова (на тэрмін не больш за 7 каляндарных дзён) ссоўваць раней узгоднены рэжым працы пасля 23:00 і да 7:00, у які дазваляецца прадаваць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі ці піва.

У Ашмянах пенсіянер пужаў петардамі птушак, а пакалечыў сам сябе

«Хлопцаў затрымалі за дзіцячыя петарды». Навуковец пракаментаваў арышт юнакоў за выбухоўку

МАРГ анансаваў новыя абавязкі для маркетплэйсаў у Беларусі

Nashaniva.com