«Замоў вельмі шмат». Польскі рэстаран арганізаваў дастаўку піцы проста ў чаргу на мяжы з Беларуссю

Чарга легкавікоў на выезд з Польшчы ў Беларусь расцягнулася на некалькі кіламетраў. Тыя, хто не купіў прадукты ў дарогу, вымушаныя шукаць, дзе перакусіць. Рэстаран Austeria з маленькай польскай вёсачкі Кабыляны прыдумаў, як вырашыць гэтую праблему і адначасова нарасціць выручку. Рэстаран прапанаваў бясплатную дастаўку ежы проста на мяжу і нават замовіў адпаведныя візітоўкі на рускай мове, піша Most.

12.07.2024 / 20:51

Фота ілюстрацыйнае

Кабыляны — невялікая памежная вёска, тут жыве менш за 500 чалавек. Да кліентаў, якія чакаюць выезду ў Беларусь, адсюль каля трох кіламетраў. Калі чарга на выезд з Польшчы расцягнулася, установа скарысталася сітуацыяй.

«Чарга цяпер вельмі доўгая, і замоў вельмі шмат», — расказалі ў рэстаране.

Знаходзіць кліентаў няцяжка: турысты ў чарзе расказваюць аб установе адзін аднаму, а фатаграфіяй візітоўкі дзеляцца ў памежным чаце.

Фота: тэлеграм-канал «Брэст — Тарэспаль»

Замовы з мяжы групуюць і дастаўляюць адразу некалькім кліентам. Як правіла, чаканне складае час у межах паўгадзіны.

Праўда, паслуга даступная не заўсёды: увечары 12 ліпеня, калі журналіст Most патэлефанаваў у кавярню, аформіць замову ўжо не было магчымасці. Але супрацоўніца запэўніла, што ў цэлым прапанова актуальная.

Піцы дыяметрам 33 сантыметры каштуюць у рэстаране ад 30 да 36 злотых, да іх прапануюцца два віды соусаў. У меню таксама салаты, супы, мясныя і рыбныя стравы, паста, дэсерты; некалькі страў прапануюцца спецыяльна для дзяцей.

Блізкасць мяжы адбіваецца на кухні: тут падаюць пельмені — па 20 злотых за 15 штук, — а таксама бульбяныя аладкі з вяленым ласосем.

Праверкі тэлефонаў, «дзіравыя» санкцыі, багатыя мінчукі і адчувальнасць да камунізму. Што здзівіла палякаў у Беларусі

Мяжа для грузавікоў не закрытая, а рух запаволіўся з-за праверак паводле новых санкцый. Польскі бок даў тлумачэнні

«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай

Nashaniva.com