У Мінску на Цнянцы на людзей упала дрэва, загінула дзяўчына

Усяго ў Мінску і Мінскім раёне параненыя 7 чалавек. Яны трапілі ў бальніцы.

13.07.2024 / 20:28

Міністэрства аховы здароўя выдала прэс-рэліз, у якім пералічыла выпадкі, калі падчас сённяшняга ўрагану ў Мінску пацярпелі людзі.

Ёсць сярод пацярпелых і смяротная ахвяра: у выніку падзення дрэва ў раёне Цнянкі загінула дзяўчына. Яшчэ два пацярпелыя на Цнянскім вадасховішчы шпіталізаваныя ў Мінскую абласную бальніцу і РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

Таксама ад падзення дрэва пацярпела дзіця ў Ждановічах, шпіталізаванае ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Таксама з-за падзення сарванага ветрам шкла каля завода «Гарызонт» пацярпелі 24-гадовы мужчына і падлетак. Яны шпіталізаваныя ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і 3-ю бальніцу.

Урэшце, у выніку парывістага ветру ў Мінску ўпала цагляная сцяна. Пры гэтым пацярпеў малады чалавек, шпіталізаваны ў БХМД. У пацыента дыягнаставаныя спалучаныя траўмы — чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, закрытая траўма грудной клеткі, траўма жывата, пераломы костак. 

Nashaniva.com