Падчас замаху на Трампа як мінімум адзін чалавек загінуў

Пра смерць падчас замаху на Дональда Трампа аднаго чалавека паведаміў Майкл Валентэ, карэспандэнт тэлеканала WTAE з Пітсбурга, са спасылкай на акруговага пракурора акругі Батлер.

14.07.2024 / 02:27

Дональд Трамп пасля замаху. Фота: AP Photo/Evan Vucci

Дэталяў адносна загінулага падчас замаху чалавека пакуль не прыводзіцца. Ёсць версіі, што гэта быў адзін з прыхільнікаў Дональна Трампа, які падчас стрэлу знаходзіўся ззаду яго.

У той жа час пракурор акругі Батлер сцвярджае, што загінулых можа быць і двое.

Страляніна падчас мітынгу Дональда Трампа адбылася ў горадзе Батлер штата Пенсільванія. Былы прэзідэнт ЗША, як выглядае, абышоўся не вельмі цяжкімі пашкоджаннямі.

Лідар дэмакратычнай большасці ў Сенаце ЗША Чарльз Шумер заявіў, што ў жаху ад таго, што адбылося. Ён выказаў радасць, што Трамп знаходзіцца ў бяспецы і падкрэсліў, што гвалту — не месца ў палітыцы ЗША.

Рэспубліканскі спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Майк Джонсан напісаў у сацсетцы X, што моліцца за Трампа.

Падобныя па сэнсе заявы апублікавалі таксама лідар дэмакратычнай меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс і рэспубліканскай меншасці Сената Мітч Макконэл.

Таксама аператыўна адрэагаваў на падзею мільярдэр Ілан Маск:

«Я цалкам падтрымліваю прэзідэнта Трампа і спадзяюся на яго хуткае аднаўленне».

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі

«Фактар ​​Свіфт». Амерыканская грамадскасць чакае заявы Тэйлар Свіфт наконт Байдэна

Байдэн назваў віцэ-прэзідэнта Харыс Трампам. Той рэзка адрэагаваў

Nashaniva.com