Байдэн сказаў, што моліцца за Трампа, і заклікаў аб'яднацца ўсю нацыю
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з адмысловай заявай з нагоды замаху на свайго суперніка падчас прэзідэнцкіх выбараў, экс-прэзідэнта Дональда Трампа.
14.07.2024 / 03:08
Джо Байдэн. Фота: AP Photo/Matt Rourke
«Мне правялі брыфінг з нагоды стральбы на мітынгу Дональда Трампа ў Пенсільваніі.
Я ўдзячны, што ён у бяспецы і адчувае сябе добра. Я малюся за яго, ягоную сям'ю і ўсіх, хто быў на мітынгу, пакуль мы чакаем далейшую інфармацыю.
Джыл і я ўдзячныя сакрэтнай службе за тое, што яны забяспечылі яго бяспеку. У Амерыцы няма месца такому гвалту. Уся нацыя павінна аб'яднацца ў яго асуджэнні», — заявіў Джо Байдэн.
У той жа час на пытанне, ці лічыць ён, што на Трампа здзейснілі замах, Байдэн адказаў: «У мяне ёсць меркаванне, але няма фактаў». І дадаў, што выкажацца з гэтай нагоды, калі ў яго будуць факты.
Прэзідэнт ЗША таксама паабяцаў, што калі пагаворыць з Трампам, то паведаміць пра гэта нацыі. Ён ужо, маўляў, спрабаваў з ім стэлефанавацца, але пакуль не здолеў гэтага зрабіць.
Выказалася адносна страляніны на мітынгу Трампа і віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс:
«Мяне праінфармавалі пра страляніну на перадвыбарным мітынгу былога прэзідэнта Трампа ў Пенсільваніі. Я і мой муж Даг уздыхнулі з палёгкай, даведаўшыся, што ён не атрымаў сур'ёзных траўмаў. Мы молімся за яго, ягоную сям'ю і ўсіх тых, хто пацярпеў у выніку гэтай бессэнсоўнай страляніны.
Мы ўдзячныя Сакрэтнай службе ЗША, службам хуткага рэагавання і мясцовым уладам за іх аператыўныя дзеянні. Такому гвалту няма месца ў нашай краіне. Мы ўсе павінны асудзіць гэты агідны акт і ўнесці свой уклад у тое, каб ён не прывёў да яшчэ большага гвалту».
Здарэнне ў Пенсільваніі пракаментаваў таксама экс-прэзідэнт ЗША Барак Абама:
«У нашай дэмакратыі няма абсалютна ніякага месца гвалту па палітычных матывах. Хоць мы пакуль дакладна не ведаем, што адбылося, мы ўсе павінны адчуваць палёгку ў сувязі з тым, што былы прэзідэнт Трамп не пацярпеў сур'ёзна, і скарыстацца гэтым момантам, каб зноўку пацвердзіць сваю прыхільнасць да цывілізаванасці і павагі ў нашай палітыцы. Мішэль і я жадаем яму найхутчэйшага выздараўлення», — напісаў Абама ў X.
Чалавек, які страляў на мітынгу ў Дональда Трампа, забіты
Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі
Падчас замаху на Трампа як мінімум адзін чалавек загінуў