Яшчэ адна ахвяра шторму — дрэва забіла хлопчыка пад Рэчыцай
У Рэчыцкім раёне вечарам 14 ліпеня вецер паваліў дрэвы ў дзіцячым лагеры імя Марата Казея. Загінуў 13-гадовы хлопчык.
14.07.2024 / 21:54
Лагер у Рэчыцкім раёне пасля ўрагана. Фота: СК
Ураган наляцеў падчас забаўляльнага мерапрыемства на канцэртнай пляцоўцы. Дзеці кінуліся ў карпусы. Але не ўсе паспелі схавацца.
Апроч загінулага хлопчыка, яшчэ шасцёра дзяцей ад 6 да 13 гадоў атрымалі траўмы, паведамляе Следчы камітэт.
Траіх пацярпелых дзяцей хуткая дапамога завезла ў цэнтральную раённую бальніцу. Пасля папярэдняй дыягностыкі адну з дзяўчынак перавялі ў Гомель. Двум падлеткам аказана дапамога лекарамі ЦРБ. У дзяцей дыягнаставаны пераломы і траўмы сярэдняй ступені цяжкасці.
Учора з-за непагадзі загінулі два чалавекі. У Мінску дрэва, якое ўпала, забіла дзяўчыну. Іншы загінулы быў на кемпінгу «Клёвае месца» на Віліі.