Латвія з 16 ліпеня забараняе ўезд на сваю тэрыторыю транспарту з беларускімі нумарамі 

Забарона тычыцца ўезду праз пункты пропуску на граніцы з Беларуссю і Расіяй. 

15.07.2024 / 13:02

Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі.

Забарона распаўсюджваецца на ўезд у ЕС праз латвійска-беларускія і латвійска-расійскія памежныя пункты.

Падатковая служба Латвіі паведамляе, што ў мэтах зніжэння рызык абыходу санкцый Еўрасаюз, зацвердзіўшы 8-ы пакет санкцый супраць Беларусі, у значнай ступені скарэктаваў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі, з санкцыямі, уведзенымі ў дачыненні да Расіі.

Цяпер забаронены імпарт тавараў з Беларусі, якія дазваляюць Беларусі дыверсіфікаваць свае крыніцы даходу, што дазваляе ёй удзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць Украіны, калі гэтыя тавары паходзяць з Беларусі або калі яны экспартуюцца з Беларусі. У дадатак таксама ўваходзяць легкавыя аўтамабілі.

Забарона на ўезд не будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання ў руху дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў.

Іншыя асобы, якія едуць на транспартным сродку, зарэгістраваным у Беларусі, не змогуць уехаць на ім у ЕС, перасякаючы дзяржаўную мяжу Латвійскай Рэспублікі. Чалавек на аўто, зарэгістраваным у Беларусі, павінен будзе вярнуцца з памежнага пункта ў тую краіну, з якой ён планаваў уехаць у Латвію.

У выпадку адмовы выконваць прадпісанні мытнага органа, у тым ліку пры вяртанні ў Беларусь ці Расію, можа быць прынята рашэнне аб канфіскацыі транспартнага сродку.

Асобам дазволяць вяртацца з ЕС у Беларусь на легкавых транспартных сродках, зарэгістраваных у Беларусі, калі яны не задэклараваны як тавар і выкарыстоўваюцца толькі як транспартны сродак.

Nashaniva.com