Замежныя студэнты прыязджаюць у Гродзенскі дзяржуніверсітэт, каб нелегальна перайсці мяжу

За шэсць 2024 года ў Ленінскім раёне Гродна завялі пяць крымінальных спраў супраць замежных студэнтаў Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. 

15.07.2024 / 15:08

Некаторыя з іх удзельнічалі ў арганізацыі незаконнай міграцыі. Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы супрацоўнікаў аддзялення па грамадзянстве і міграцыі з замежнымі студэнтамі, піша hrodna.life.

Таксама 133 замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Агулам яны здзейснілі 220 правапарушэнняў. У іншых гродзенскіх ВНУ колькасць парушэнняў меншая: у Гродзенскім дзяржаўным медычным універсітэце — 83, а ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце — восем.

Прыязджаюць, каб незаконна перасякаць мяжу

Супрацоўнік міграцыйнай службы сказаў, што іх хвалюе значны працэнт студэнтаў ГрДУ, якія прыехалі ў Беларусь, каб здзейсніць спробу незаконнага перасячэння мяжы ў краіны Еўрасаюза.

У чэрвені 2024 года затрымалі двух грамадзян — выхадцаў з Чада і Каморскіх выспаў. Яны ў складзе групы ўдзельнічалі ў арганізацыі незаконнай міграцыі. Супраць іх завялі крымінальную справу па арт. 371−1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі). Зараз яны знаходзяцца ў СІЗА. Ім пагражае тэрмін ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com