«Выйшлі хлопчыкі з чамаданчыкамі». Лідар гурта РСП расказаў, як Лукашэнка прыязджаў на здымачную пляцоўку

Лідар гурта «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка расказаў ютуб-каналу «ЧестнОК-LIVE», як здымаўся ў фільме «Анастасія Слуцкая». У адзін з дзён на здымачную пляцоўку прыехаў Аляксандр Лукашэнка.

16.07.2024 / 07:00

Дзяніс Тарасенка. Фота: «Наша Ніва»

«Якраз мая змена выпала. Я там быў сярод рыцараў у кальчугах, са шчытамі. Нас пакармілі, пасля абеду ўсіх выстраілі. Сказалі: «Стойце, чакайце». Прыехаў картэж. Выйшлі такія хлопчыкі з чамаданчыкамі. Чалавек дваццаць аховы. Яны нас атачылі з усіх бакоў. Лукашэнка да кожнага падышоў — «Паздраўляю. Атлічная работа. Паздраўляю» — і кожнаму паціснуў руку».

Тарасенка дэманструе сваю далонь і заўважае: «Мая далонь не маленькая, літраў пяць можна зачарпнуць. А ў яго — як дзве мае. Я такой ручышчы не бачыў ніколі».

Мужчына дзеліцца думкамі, якія ў яго ўзніклі ў час сустрэчы:

«Я думаў: вось гэта мой час стаць нацыянальным героем Беларусі. Мы былі пры ўзбраенні. У нас былі жалезныя мячы. Тупыя, але і такім можна было галаву адсекчы. Рассекчы-та дакладна. Нос адрэзаць можна было. 

Але яны так нязручна выцягваліся. Патрэбны быў час, каб выцягнуць. Я думаю: «Вось я буду секунду выцягваць, і мяне ж за секунду расстраляюць. Не паспею. Так бязглузда памерці».

Лідар гурта РСП згадвае, што ў час сустрэчы ў яго былі змяшаныя пачуцці страху, нянавісці і цікаўнасці.

«Ён здаровы як бык, бугай. Здаравенны. Там столькі здароўя. Я падумаў, што ён сваёй смерцю будзе паміраць яшчэ гадоў восемдзесят. Столькі ў ім здароўя», —

дзеліцца ён уражаннямі ад Лукашэнкі таго часу.

«Улічваючы наш род дзейнасці, заставацца ў Мінску было небяспечна». Вакаліст РСП — пра пераезд у Кіеў

Музыкі РСП выйшлі на свабоду пасля 15 сутак арышту

«Начуем па сябрах, няма дзе жыць». Шчыры аповед салістаў «Разбітага сэрца пацана»

Nashaniva.com