Беларускі блогер у самы сквар паспрабаваў пасмажыць яйкі проста на асфальце. Ці атрымалася?
У тыктоку завірусілася відэа беларускага блогера, які паспрабаваў у разгар сонечнага ліпеньскага дня пасмажыць яйкі на патэльні без усялякіх дадатковых прыстасаванняў — проста на асфальце, выкарыстоўваючы ў якасці крыніцы цяпла выключна энэргію пякучага сонца, заўважыў Telegraf.news.
15.07.2024 / 16:21
Скрыншот з відэа
Ролік на сваім канале апублікаваў блогер пад нікам bulbanews. Малады чалавек прадэманстраваў, як лёгка ў такую спякоту ў Беларусі прыгатаваць яечню. Мяркуючы па ягоным відэа, дастаткова выйсці сярод дня на заліты сонцам тратуар і выкарыстоўваць яго замест пліты.
Нягледзячы на тое, што ў каментарах пад відэа, якіх за суткі набралася больш за тры сотні, многія ахвотна пацвердзілі, што ў цяперашняе гарачае надвор'е падобныя эксперыменты лёгка здзяйсняльныя, далёка не ўсе гледачы паверылі, што ўсё так проста.
Паколькі жаўток на відэа ў блогера не прасмажыўся да канца, некаторыя выказалі здагадку, што хлопец папярэдне нагрэў патэльню, а толькі пасля вынес яе на двор.
На самай справе бялок пачынае згортвацца пры тэмпературы, вышэйшай за 41°C. Аднак спасылацца толькі на даныя сіноптыкаў, выкрываючы блогера ў падмане гледачоў, было б няправільна.
Бо асфальт і тратуарная плітка, якую малады чалавек выкарыстаў замест пліты, у спякоту награваецца значна мацней — ужо пры +35-38°C тэмпература тут можа падымацца да 50-55°C.
Такія эксперыменты ўжо не раз спрабавалі праводзіць, у тым ліку пад кантролем навукоўцаў. Так, Тэрэза М. Балс-Эльсхольц, загадчыца кафедры геаграфіі і метэаралогіі ва ўніверсітэце Вальпараіса амерыканскага штата Індыяна раней тлумачыла, што
на самой справе працэс гатавання яйка на тратуары можа заняць пару гадзін у залежнасці ад тэмпературы, так што як мінімум без маленькай хітрасці з паскарэннем у відэа беларускага блогера не абышлося.
Па словах амерыканскага эксперта, трохі паскорыць працэс можа выкарыстанне алюмініевай фольгі або посуду з нержавеючай сталі, якая з'яўляецца выдатным правадніком цяпла. Ідэальным часам для такіх эксперыментаў вучоная назвала з 12:00 да 16:00, калі тратуар максімальна аддае цяпло сонца.
А вось эксперыменты некаторых блогераў, якія спрабуюць пасмажыць яечню проста на капоце аўтамабіля, пакінутага на сонцы ў спякоту, лепш не паўтараць — занадта дорага яны абыдуцца. Як папярэджваюць спецыялісты, у выпадку поспеху аддзіраць яечню прыйдзецца проста з лакафарбавым пакрыццём.
У аўторак зноў да +35°С, а ў сераду зноў залевы, навальніцы, град
«Мы ледзь не здохлі за адзін прыпынак». У адным з мінскіх тралейбусаў тэмпература паднялася да 40°
«Нібыта кусаеш нешта скураное». У Беларусі выпусцілі марозіва са смакам энергетыка
«Не бачыла нават столькі». Дзяўчына публічна прадэгуставала ажно 15 відаў рагачоўскай згушчонкі