У характарыстыкі бюджэтнікаў пачалі ўносіць даныя пра наяўнасць апастыля дыплома. Навошта?

Як кажуць «Нашай Ніве» тыя, хто з гэтым сутыкнуўся, інфармацыя аб апастылі дыплома ўскладняе кар'ерную прамоцыю і абяцае пастрожаныя ўмовы працы. 

06.08.2024 / 13:39

Мінск. Ілюстрацыйнае фота

«Характарыстыка» знаходзіцца ў асабістай справе работніка дзяржаўнай установы, якая вядзецца ў аддзеле кадраў. Кепскія запісы ў гэтай справе могуць ускладніць кар'ерны рост ці пераход на іншае прадпрыемства.

Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», якім давялося сутыкнуцца з новай практыкай, з нядаўняга часу ў характарыстыкі стала ўносіцца інфармацыя аб апастыляванні дыпломаў — Мінадукацыі, імаверна, перадае гэтую інфармацыю на прадпрыемствы.

«Прынамсі мой аддзел кадраў даведаўся аб апастыляванні без інфармавання з майго боку. Пенсіянер-кадэбіст, якога паставілі начальнікам ідэалогіі і кадраў, правёў са мной кшталту «прафілактычнай размовы» на прадмет таго, куды я намыліўся, што мне не падабаецца, і гэтак далей. Таксама далі зразумець, што работнік, які не плануе звязваць жыццё з Беларуссю — пра што ім кажа факт апастылявання, — не будзе прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы», — сказаў нам супрацоўнік дзяржаўнага прадпрыемства. 

Тую ж інфармацыю пацвярджаюць медыкі, якія апастылявалі свае дыпломы, але працуюць у Беларусі. 

Наяўнасць апастыля для дактароў лічыцца негатыўным фактарам. 

«Далі зразумець, што калі я выказаў хаця б тэарэтычны намер з'ехаць, то ўмовы работы будуць пастрожаныя — будуць прыярытэтна размяркоўваць на тыя змены, якія лічацца складанымі і ў звычайным парадку бяруцца па чарзе ўсімі супрацоўнікамі», — дадаў медык з дзяржаўнай бальніцы. 

Nashaniva.com