«Унікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый». Пры раскопках старажытнага Менска выявілі дадатковую лінію абароны
Драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, выяўленыя падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы, не маюць аналагаў ва Усходняй Еўропе. Пра тое, чаму гэта ўнікальны помнік, аналагаў якому няма ні ў Расіі, ні ва Украіне, піша расійскае выданне Sputnik.
15.07.2024 / 21:32
Фота Віктара Талочкі
У мінулым годзе ў ходзе маштабнага вывучэння летапіснага Менска навукоўцы раскрылі драўляныя клеці з дуба, якія ў Х стагоддзі ўзвялі для абароны горада. У бягучым палявым сезоне канструкцыі разабралі і адправілі на кансервацыю. Гэта ўжо дазволіла зрабіць некалькі сенсацыйных адкрыццяў.
Цяпер у ходзе раскопак перад разабранымі дубовымі клецямі атрымалася выявіць яшчэ адну лінію абароны, пра наяўнасць якой навукоўцы і не здагадваліся.
«Для Х стагоддзя для дадзенай тэрыторыі былі характэрныя абарончыя збудаванні ў выглядзе клецяў, якія тут ужо даследавалі», — расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Паводле яго слоў, па меры таго, як даследавалася тэрыторыя ад клецяў у бок ракі, была знойдзена яшчэ адна лінія зрубаў, выкананых у класічнай традыцыі з гакамі, якія ўмацоўваюць вонкавую сцяну.
Фота Віктара Талочкі
«Яна не была звязаная з асноўнымі клецямі, але за ёй была адкрытая яшчэ адна лінія бярвення, якія ўмацаваныя гакамі, а кароткія бярвёны, каб іх не ссунулі з месца, змацаваныя драўлянымі штэхелямі», — звярнуў увагу гісторык.
Андрэй Вайцяховіч растлумачыў, што гэта ўжо зусім іншая тэхналогія, адрозная ад традыцыйных клецяў, якая больш характэрная для заходніх славян, а не ўсходніх.
«Гэта ўнікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый узвядзення абарончых збудаванняў. Гэта значыць, што жыхары горада на Менцы былі ў курсе самых сучасных на той момант тэхналогій абарончага дойлідства. Мабыць, у работах бралі ўдзел як мясцовыя майстры, так і прыезджыя, якія і дапамагалі будаваць яшчэ адну лінію абароны», — мяркуе археолаг.
Фота Віктара Талочкі
Пры гэтым ён зрабіў асаблівы акцэнт, што ўпершыню ў гісторыі археалогіі ва Усходняй Еўропе выяўлена такое спалучэнне драўляных канструкцый. «Гэта новая старонка ў гісторыі абарончага дойлідства», — упэўнены Андрэй Вайцяховіч.
«Гэта нацыянальны здабытак, таму што гэта ўнікальны помнік, падобнага якому нідзе няма», — канстатаваў археолаг.
Цяпер і гэтыя драўляныя канструкцыі будуць разабраныя ды адправяцца на кансервацыю ў Гомель, дзе ўжо знаходзяцца клеці з дуба Х стагоддзя.
Фота Віктара Талочкі
Па словах навукоўца, наступнае важнае пытанне — гэта музеефікацыя знаходак. Трэба будзе вырашыць, патрэбны асобны музей ці знаходкі будуць перададзеныя ў дзейны. Магчыма, атрымаецца знайсці рашэнне, якое дазволіць захаваць кампазіцыю вала і фартыфікацыйныя збудаванні вернуць на месца, каб пакінуць гістарычны кантэкст.
«Ніякія вядомыя ў Беларусі драўляныя абарончыя збудаванні па складанасці і па магутнасці з імі несупастаўныя», — падкрэсліў археолаг.
Андрэй Вайцяховіч заўважыў, што ў асноўным гарадзішчы часоў Старажытнай Русі даследаваліся на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Тады рабіліся проста разрэзы вала, і ніхто не адкрываў такія вялікія плошчы, як цяпер у Беларусі.
Фота Віктара Талочкі
На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя
Знаходкі леташніх археалагічных раскопак на Менцы дадаюць Мінску ўзросту