Еўракамісія байкатуе старшынства Венгрыі ў ЕС

Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адмяніла візіт Калегіі ЕК у Венгрыю і панізіла ўзровень прадстаўніцтва на нефармальных пасяджэннях Рады ЕС пад венгерскім старшынствам, піша Радыё Свабода.

16.07.2024 / 07:17

Віктар Орьан. Фота: Thannasis Stabrakis / AP

Еўрапейская камісія наважыла байкатаваць паўгадавое старшынства Венгрыі ў Радзе ЕС у адказ на «неадназначныя паездкі Віктара Орбана ў Маскву і Пекін, якія многія палічылі абразай палітычнага адзінства блока», гаворыцца ў публікацыі на сайце Міжнароднага Еўрапейскага тэлеканала.

«У святле апошніх падзей, якія адзначылі пачатак старшынства Венгрыі старшыня (Урсула фон дэр Ляен) наважыла, што Еўракамісія будзе прадстаўленая на ўзроўні старэйшых дзяржаўных службоўцаў толькі на неафіцыйных пасяджэннях Рады», — паведаміў у панядзелак увечары прадстаўнік ЕК Эрык Мамер.

«Візіт Калегіі (Еўракамісіі) у Венгрыю не адбудзецца», — дадаў ён, пацвердзіўшы, што галоўная падзея, якая азначае пачатак кожнай ратацыі старшынства, адменена.

Падчас свайго нядаўняга візіту ў Маскву Орбан сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Праз некалькі дзён расейскія войскі разбамбілі дзіцячую лякарню ў Кіеве.

У Пекіне Орбан высока ацаніў «кітайскі мірны план» старшыні Сі Цзіньпіна, які быў адкінуты кіраўніцтвам ЕС за выбарчае тлумачэнне міжнароднага права і размыванне мяжы паміж агрэсарам і ахвярай агрэсіі.

«Кітай — адзіная сусветная дзяржава, якая з самага пачатку выразна прытрымліваецца прынцыпу міру», — сказаў Орбан, абвяргаючы асцярогі Захаду, што Пекін падтрымлівае вайсковую эканоміку Расіі.

Будапешт настойвае на тым, што абедзве паездкі, якія Орбан рэкламаваў як паездкі кіраўніка так званай «міратворчай місіі», былі здзейсненыя строга ў рамках двухбаковай дыпламатыі. Аднак тэрміны міжнароднага турнэ, выбар краін і выкарыстанне афіцыйнага лагатыпа вугорскага старшынства ў ЕС выклікалі рэзкія абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і нелаяльнасці.

Акрамя таго, Орбан прыняў удзел у нефармальным саміце Арганізацыі цюркскіх дзяржаў, у якую ўваходзіць «Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра», прызнаная толькі Турцыяй, што выклікала новае асуджэнне.

Рашэнне Еўракамісіі, прынятае старшынёй Урсулай фон дэр Ляен, пацвярджае: Брусэль не будзе ўдзельнічаць на самым высокім узроўні ў шматлікіх мерапрыемствах, якія Будапешт плануе правесці да канца года.

Рэагуючы на гэтую навіну, Янаш Бока, міністр па справах ЕС Венгрыі, заявіў, што яго краіна па-ранейшаму «прыхільная шчыраму супрацоўніцтву» для вырашэння «агульных праблем».

Орбан адправіў усім лідарам краін ЕС свой план урэгулявання ва Украіне

Орбан: Сітуацыя відавочная — Пуцін і Расія ўварваліся ва Украіну. Але Расію немагчыма перамагчы

Зяленскі патлумачыў, чаму не пагадзіўся на прапанову Орбана аб спыненні агню

Nashaniva.com