Рэктар БДУІРа назваў распрацоўку беларускага IT, якой найбольш ганарыцца. Гэта кампанія сышла з краіны два гады таму

«Парадокс, але не гульні».

16.07.2024 / 10:04

Рэктар БДУІРа Вадзім Богуш. Скрын відэа БТ

У перадачы на БТ у рэктара БДУІРа Вадзіма Богуша спыталі, якімі распрацоўкамі беларускіх айцішнікаў ён ганарыцца больш за ўсё.

«Тымі, якія самыя вядомыя. Парадокс, але не гульні. Вельмі цікавы дадатак па жаночым здароўі. Вельмі проста ідэя, цудоўная рэалізацыя — цяпер гэта прадукт, якім карыстаецца вельмі шмат людзей у свеце»,

— адказаў рэктар, не называючы сам дадатак.

Размова, відавочна, ідзе пра Flo — гэта мабільная праграма для здароўя, якая дапамагае адсочваць менструальны цыкл і авуляцыю. Праграму стварылі ў 2015 годзе. Цяпер яна мае больш за 40 млн актыўных карыстальнікаў у месяц.

Кампанію Flo заснавалі беларусы Дзмітрый і Юрый Гурскія. У 2022 годзе кампанія сышла з Беларусі. Яе штаб-кватэра ў Лондане, офіс распрацоўкі — у Вільні (сюды рэлакавалі многіх мінскіх супрацоўнікаў), ёсць таксама прадстаўніцтвы ў Нідэрландах і ЗША.

Іншая кампанія, якую меў на ўвазе Богуш, згадваючы гульні, — распрацоўшчык гульні ў танкі Wargaming — таксама закрыла свой офіс у Мінску ў 2022-м. Гульнявы бізнэс у Беларусі і Расіі яна перадала Lesta Studio.

У інтэрв'ю рэктар па ўзроўні IT на першае месца паставіў Кітай.

«Бо Кітай мае ўласны погляд на рэчы, звязаныя з развіццём інфармацыйных тэхналогій», — патлумачыў ён.

Nashaniva.com