Алімпіяду-2024 у Беларусі не пакажуць

Белтэлерадыёкампанія азнаёміла карыстальнікаў сваіх каналаў з праграмай на наступны тыдзень. Трансляцый Алімпіяды няма.

16.07.2024 / 12:17

Фота: Olympics.com

З праграмы вынікае, што беларускія гледачы па дзяржаўным тэлебачанні не змогуць убачыць трансляцыі Алімпіяды ў Парыжы-2024. Спаборніцкая праграма стартуе ў суботу, 27 ліпеня, а днём раней, у пятніцу, пройдзе цырымонія адкрыцця Гульняў.

У сетцы вяшчання «Беларусь 1» і «Беларусь 5» падзеі Алімпійскіх гульняў не значацца, піша Smartpress.by.

Адпаведна, для прагляду трансляцый спатрэбіцца шукаць іншыя крыніцы. Прычым і не ў Расіі. Раней было абвешчана, што ў суседняй краіне таксама не збіраюцца паказваць галоўныя гульні чатырохгоддзя.

Раней стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт не ўключыў Беларусь і Расію ў лік еўрапейскіх вяшчальнікаў. Медыяправы на паказ гульняў на тэрыторыі еўрапейскіх краін атрымалі Еўрапейскі вяшчальны саюз і кампанія Warner Bros. Discovery.

Апошні раз у Беларусі не паказвалі Алімпіяду ў 1984 годзе, калі СССР і краіны сацлагеру (апроч Румыніі) байкатавалі Летнюю Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе.

Па апошніх звестках, узяць удзел у Парыжы-2024 змогуць толькі 16 беларускіх спартоўцаў (у Токіа-2021 было 106 атлетаў і гэта тады быў мінімум). Аднак канчатковае рашэнне за Міжнародным алімпійскім камітэтам, які правядзе выніковае пасяджэнне 20 ліпеня.

Міністарка спорту Францыі за два тыдні да Алімпіяды выкупалася ў Сене, ледзь не паслізнуўшыся на прыступках ВІДЭА

Арына Сабаленка афіцыйна адхіліла запрашэнне МАК на Алімпіяду-2024 у Парыжы

Колькі беларускіх спартоўцаў на сёння заяўленыя на Алімпіяду? Вельмі мала

Nashaniva.com