Лукашэнка заявіў, што Украіна здымала з фронту самыя баяздольныя часткі і адпраўляла іх на мяжу Беларусі

Лукашэнка, выступаючы перад выпускнікамі вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшымі афіцэрамі, чарговы раз закрануў тэму паўднёвай мяжы.

16.07.2024 / 14:07

Ён заявіў, што імкнецца дыпламатычным спосабам вырашыць канфлікты з суседзямі. У прыклад прывёў адвод войскаў ад паўднёвай мяжы, які ён правёў нібыта пасля таго, як Украіна адвяла свае войскі.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што ўкраінскае камандаванне пасярод вайны здымала самыя баяздольныя часткі з фронту і адпраўляла іх на мяжу з Беларуссю.

«Я б не сказаў, што [сітуацыя на мяжы] абвастрылася, але яна выйшла за рамкі той, якая была. Мы заўважылі, што ўкраінцы пачалі канцэнтраваць пэўныя войскі, у тым ліку здымаючы з фронту, самыя падрыхтаваныя Баявыя войскі, на памежжы», — заявіў Лукашэнка.

Ён зноў заявіў, што нібыта дамовіўся з украінскімі вайскоўцамі аб дээскалацыі, таму што «страляць — гэта крайні метад», піша БелТА.

«Нам давялося абяцаць людзям і рэагаваць. Усе, хто прымаў удзел у гэтым рэагаванні, заслугоўваюць самай высокай ацэнкі. Я Вам за гэта вельмі ўдзячны. Але вопыт у стральбе — гэта крайні метад. Гэта наш метад, мы ім павінны валодаць, але гэта крайняя мера.

Трэба заўсёды вучыцца дамаўляцца. У тым ліку і вайскоўцам. У дадзеным канфлікце ўсю ролю выканалі ваенныя. Мы дыпламатаў не прыцягвалі. Але працавалі мы дыпламатычнай мовай. Дамагліся поспехаў», — выказаў меркаванне Лукашэнка.

Пры гэтым ён прызнаў, што Украіне вайна на гэтым кірунку не патрэбная.

Лукашэнка заявіў пра «ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінай» і выступіў з прымірэнчымі заявамі: «Трэба дамаўляцца»

Хрэнін пасля загаду Лукашэнкі імгненна пачаў адводзіць войскі з паўднёвай мяжы

Лукашэнка заявіў, што беларусы не хочуць вайны, але «на любую правакацыю адказ будзе рашучым і жорсткім»

Nashaniva.com