Бюракратыя і вайна: чаму ў Мазырскім раёне амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне

Амаль двое сутак у 105-тысячным Мазыры і раёне не маглі аднавіць электразабеспячэнне пасля стыхіі, якая абрынулася на рэгіён 14 ліпеня. Абясточанымі аказаліся большая частка паўднёвага захаду Гомельскай вобласці — гэта не толькі Мазыршчына, але і Нараўлянскі, Ельскі, Лельчыцкі раёны.

16.07.2024 / 14:35

Фота: Мінэнерга

У прыватнасці, у Мазыры з-за адсутнасці электрычнасці больш за суткі не было вады — мясцовым жыхарам даводзілася стаяць у вялізных чэргах да аўтацыстэрнаў з вадой. Не працуюць халадзільнікі і сапсаваныя прадукты, немагчымасць зарадзіць мабільныя тэлефоны — гэта толькі частка праблем, якія адчылі мазыране. Чаму так доўга ў раён не маглі вярнуць электразабеспячэнне, даведаўся «Флагшток». 

Мазыршчына аказалася абясточанай з-за паваленай апоры лініі электраперадач 330 кілавольт — з-за гэтага лінія аказалася адключаная. А падаць электрычнасць з іншай вобласці аказалася немагчымым, растлумачыў мясцовы энергетык: 

«Па-добраму, буйныя падстанцыі паміж сабой закальцаваны, і Мазыр з Гомелем быў закальцаваны праз тэрыторыю Украіны. У пачатку вайны лінію Гомель — Чарнігаў украінцы адключылі (пасля ўварвання войскаў РФ з тэрыторыі Гомельскай вобласці — Рэд.). Таму закальцоўкі ў нашай вобласці фактычна няма», — распавёў спецыяліст.

 

Схема Белэнерга, на якой бачна закальцоўка лініі Мазыр — ЧАЭС — Чарнігаў — Гомель

У 2022 годзе энергетыкі пачалі спешна карэктаваць сітуацыю і рабіць іншую закальцоўку: будаваць ЛЭП з Мазыра і Петрыкава — на Салігорск. Яе да гэтага часу не ўвялі ў эксплуатацыю: 

«Верагодная прычына — праблемы з экалагічнай экспертызай. Атрымліваецца, закальцоўкі няма, лінія абвалілася — і ўсё, катастрофа». 

Таму жыхарам раёна, прадпрыемствам, медустановам прыйшлося чакаць, пакуль адновяць апірышча ЛЭП, але энергетыкі сваімі сіламі гэта зрабіць не могуць — патрэбная спецыялізаваная арганізацыя. 

Яе ў тэрміновым парадку выклікалі, аднак з-за бюракратыі паўдня не дапускалі да працы:

«Ні ў каго не хапіла смеласці часова закрыць вочы на ​​шматлікія інструкцыі, каб хутчэй даць допуск на працы і як мага хутчэй прыступіць да ліквідацыі наступстваў аварыі». 

Як паведаміла Мінэнерга, толькі ў 10 гадзін раніцы 16 ліпеня электраэнергія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ.

Жыхары Мазыра сталі ў гіганцкую чаргу, каб падзарадзіць тэлефоны ВІДЭА

Як выглядае чарга па ваду ў Мазыры

Без электрычнасці застаецца 851 населены пункт Гомельскай вобласці. У Мазыры няма святла, вады, не працуюць прадпрыемствы

Nashaniva.com