Паліцыя затрымала ў Варшаве беларуса, які прыйшоў у міністэрства з небяспечнымі прадметамі
З будынка эвакуявалі 150 чалавек.
16.07.2024 / 16:06
Польская паліцыя затрымала ў Варшаве 40-гадовага грамадзяніна Беларусі. Ён прыйшоў у Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі з небяспечнымі прадметамі, піша Reform.news.
«У будынак міністэрства пасля 11 гадзін увайшоў мужчына, які ў сумцы меў небяспечныя прадметы. Паводзіў сябе спакойна, нікому не пагражаў», — цытуе PAP сяржанта Якуба Пацыняка з камендатуры паліцыі Цэнтральнага раёна Варшавы.
З будынка было эвакуявана каля 150 чалавек. Пасля 12:00 мужчыну вывелі з Міністэрства польскія службы.
Паводле інфармацыі PAP, у сумцы ў мужчыны быў газ, нож, тэлескапічная дубінка, магчыма, газавая зброя.
У эфіры польскіх інфармацыйных тэлеканалаў інцыдэнт пракаментаваў прэс-сакратар міністэрства Міхал Сыска.
Паводле яго слоў, каля 11:30 работнікам міністэрства стала вядома, што ў будынак зайшоў наведвальнік, ён быў падвергнуты надгляду, а ў яго рэчах знайшлі небяспечныя прадметы.
«Падчас гэтай працэдуры ахова міністэрства ўстанавіла, што ў яго рэчах, верагодна, ёсць небяспечныя прадметы. У адпаведнасці з працэдурамі, былі праінфармаваныя адпаведныя службы. Паліцыя прыбыла своечасова. Для бяспекі ўсе работнікі, наведвальнікі былі эвакуяваныя», — распавёў ён.
Паводле яго, мужчына знаходзіцца ў руках паліцыі і вядзецца разбіральніцтва. У будынку працавалі піратэхнікі.
Міхал Сыска адмовіўся назваць, якія менавіта прадметы былі ў рэчах мужчыны. Ён прапанаваў дачакацца прэс-рэлізу паліцыі. Прадстаўнік міністэрства пацвердзіў, што, са слоў работнікаў установы, мужчына не быў агрэсіўны, паводзіў сябе спакойна.
«Ён хацеў сустрэцца па пытаннях фармальнасцей, звязаных з працай, звязаных з дазволам на працу. Але гэтых дэталяў я яшчэ не ведаю, гэта яшчэ прадмет разбору паліцыі», — дадаў ён.