У Слоніме хлопцы самастойна затрымалі мужчыну, які страляў у іх з пнеўматычнай вінтоўкі

У Слоніме 40-гадовы мясцовы жыхар у стане алкагольнага ап'янення стрэліў у кампанію маладых людзей: яны яму нібыта перашкаджалі. Але хлопцы не разгубіліся і здолелі самі затрымаць мужчыну, паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.

16.07.2024 / 18:01

Фота ілюстрацыйнае

Інцыдэнт адбыўся 3 ліпеня. Раніцай пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 23 да 27 гадоў, паводле інфармацыі міліцыі, адпачывалі ў слонімскай кватэры. Затым яны выйшлі на вуліцу пагаварыць, а хутка да хлопцаў спусціўся п'яны жыхар дома. Ён стаў патрабаваць, каб яны неадкладна адтуль пайшлі, бо, маўляў, яму перашкаджаюць.

Не дабіўшыся свайго, мужчына падняўся да сябе ў кватэру, узяў пнеўматычную вінтоўку і стрэліў на вуліцу ў бок кампаніі.

Пасля таго хлопцы «самастойна затрымалі зламысніка і ўтрымлівалі яго да прыбыцця супрацоўнікаў міліцыі».

Пры стральбе ніхто не пацярпеў. Да гэтага інцыдэнту мужчыну да адказнасці не прыцягвалі. Сам жа ён расказаў, што хлопцы шумна сябе паводзілі і «перашкаджалі адпачываць». Але ў іншых жыхароў дома скаргаў на шум ад кампаніі не было.

Цяпер мужчыну падазраюць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК Беларусі), яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У Барысаве мужчына страляў з акна з пнеўматыкі і параніў 3-гадовую дзяўчынку

У Гродне падлетак абстраляў з пнеўматычнай зброі машыну

У жыхара Калінкавічаў канфіскавалі цэлы арсенал зброі

Жыхар Гродна абстраляў са свайго балкона шумную кампанію ў двары

Nashaniva.com