Паслабленні для беларускіх турыстаў уводзіць Тайланд
Беларусь апынулася ў спісе краін, грамадзянам якіх можна будзе ўклеіць візу Тайланда ў аэрапорце, калі турыстычная паездка не перавышае 15 дзён. Інфармацыя пра гэта апублікаваная на сайце Міністэрства замежных спраў Тайланда, піша «Анлайнер».
16.07.2024 / 20:38
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
У СМІ паведамляюць, што з 15 ліпеня Тайланд пайшоў на значныя паслабленні для турыстаў з большасці краін свету. Як піша выданне Novostiphuketa.asia, на істотныя паслабленні ў візавых правілах урад пайшоў на фоне адставання ад прагнозаў па росце эканомікі.
Колькасць бязвізавых краін на 60 дзён вырасла з 57 да 93. Таксама пашыраны спіс дзяржаў, грамадзяне якіх могуць афармляць візу па прылёце, — з 19 да 31. У іх ліку апынулася і Беларусь.
Ёсць, аднак, нюанс: тэрмін знаходжання ў краіне пры такім варыянце абмежаваны 15 днямі.
На сайце Міністэрства замежных спраў Тайланда пазначана, што кошт візы пасля прылёту складзе 2000 тайскіх бат (каля $55). Цяпер аднаразовая віза для беларусаў каштуе $40 даляраў, яшчэ 70 рублёў складае консульскі збор. Ці спатрэбіцца нешта акрамя пашпарта для афармлення візы па прылёце, пакуль невядома.
У ганаровым консульстве Тайланда ў Мінску журналісту «Анлайнера» не змаглі пракаментаваць новаўвядзенне, спаслаўшыся на тое, што такой інфармацыі супрацоўнікам пакуль не перадавалі.
Увогуле ўжо некалькі гадоў ходзяць чуткі пра бязвізавы ўезд для беларусаў у Тайланд, але пакуль усё спынілася на этапе перамоў.
Цяпер тэрмін атрымання турыстычнай візы складае як мінімум 18 каляндарных дзён. Патрабуецца вялікі спіс дакументаў — авіябілеты, аплачанае браніраванне жылля, выпіска з рахунку для пацвярджэння фінансавага стану, дазвол на выезд дзіцяці і г. д.
Пакет дакументаў прымае консульства Тайланда ў Мінску і накіроўвае для разгляду ў пасольства ў Маскве. Можна зрабіць тэрміновую турыстычную візу «пад ключ» праз агенцтва.
У Тайландзе перадумалі рабіць уезд у краіну платным
Беларусь увайшла ў топ-50 краін у рэйтынгу сусветнага турызму
З-за спёкі ў Азіі падскочылі сусветныя цэны на каву