У гатэлі Бангкока знойдзены мёртвымі шэсць грамадзян В'етнама
Паліцыя Бангкока расследуе абставіны смерці шасці чалавек, знойдзеных мёртвымі ў адным з фешэнебельных атэляў тайскай сталіцы Hyatt Erawan Bangkok. Усе яны — вʼетнамцы, у некаторых, як паведамляецца, было падвойнае грамадзянства з ЗША, піша ВВС.
17.07.2024 / 08:52
Паліцыя праводзіць расследаванне ў гатэлі Hyatt Erawan Bangkok. Фота: Royal thai police
Сярод мёртвых трое мужчын і тры жанчыны.
Паводле гасцінічных запісаў, месцы ў гатэлі зарэзервавала група з сямі чалавек, але заехалі толькі пяць.
Шосты чалавек, знойдзены мёртвым, не значыцца ў спісах пастаяльцаў, заявілі ў паліцыі.
На дадзены момант асноўная версія паліцыі — атручванне ядам. Цяпер праводзіцца таксікалагічная экспертыза.
У крыві памерлых знойдзена падазронае рэчыва, якое магло трапіць у арганізм з напоямі, замоўленымі гасцямі ў нумар каля дзвюх гадзін дня па мясцовым часе ў панядзелак. Аднак паліцыя пакуль устрымліваецца ад высноў і каментароў.
Паліцыю ў гатэль выклікаў гатэльны персанал каля 17:30 па мясцовым часе ў аўторак.
Раней эксперты паведамілі, што на момант пачатку агляду целаў ахвяры былі мёртвыя каля 24 гадзін.
Таксама разглядалася версія харчовага атручвання, але замоўленая ў нумар ежа была некранутая.
Пастаяльцы гатэля не паспелі прыступіць да ежы. Фота: Royal thai police
Група павінна была выехаць з гатэля ў панядзелак. Судзячы па ўсім, госці вырашылі спачатку паабедаць разам. Яны сабраліся ў двухпакаёвым нумары аднаго з іх на пятым паверсе, дзе і былі пазней знойдзены пакаёўкай.
Замоўленая ў нумар ежа стаяла некранутай. Раней прадстаўнік паліцыі паведаміў, што на месцы былі знойдзены выкарыстаныя чайныя і кававыя кубкі.
Целы ляжалі ў гасцінай і ў ванным пакоі.
У ваннай таксама знойдзены кубкі з рэшткамі гарбаты, слоікі з энергетычнымі напоямі і мёд.
Па словах следчых, ні слядоў барацьбы, ні прыкмет абрабавання на месцы здарэння не выяўлена.
Толькі ў аднаго на целе ёсць рана, але, паводле слоў экспертаў, хутчэй за ўсё, гэта следства падзення.
Прэмʼер-міністр Тайланда Сетха Тхавісін, які пабываў на месцы падзей, узяў расследаванне пад асабісты кантроль, заявіўшы, што тое, што адбылося, не павінна адбіцца на іміджы краіны і на турыстычным патоку.