Пайшоў з жыцця беларускі вынаходнік Аляксандр Длатоўскі
Ва ўзросце 86 гадоў пайшоў з жыцця Аляксандр Георгіевіч Длатоўскі, беларускі вынаходнік, дызайнер і стваральнік унікальных транспартных сродкаў. Пра гэта піша Onliner са спасылкаю на арганізатараў рэтравыставы «Кола часу».
17.07.2024 / 09:41
Аляксандр Георгіевіч Длатоўскі — чалавек, якога ў сучасным свеце назвалі б дызайнерам, хаця ў часы яго вучобы гэты напрамак называлі прамысловым мастацтвам.
Дыпломным праектам Аляксандра Длатоўскага быў надзвычайны аўтамабільчык, зроблены з матацыкла Jawa. А ў 70-е гады мінулага стагоддзі ён стварыў унікальную па тых часах машыну з патэнцыялам дробнасерыйнай вытворчасці — «Длоту», выступаў у аўтамабільных прабегах і сам жа іх арганізоўваў.
У 1990-х Аляксандр Длатоўскі пачаў выкладаць.
Менавіта гэты чалавек прыдумаў, як мусіць выглядаць тралейбус Vitovt. Пазней на аснове гэтай тэхнікі стварылі электробус.
«Я заўсёды заставаўся тэхнаром», — казаў пра сябе вынаходнік, які ўпрыгожыў сваімі праектамі гісторыю айчыннага аўтамабілебудавання.