Сёння апошні дзень прыёму дакументаў у ВНУ на бюджэт. Будзе горача ў прамым і пераносных сэнсах

Большасць ВНУ 17 ліпеня завяршаюць прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія хочуць паступіць на бюджэт, а таксама ад платнікаў, якія здаюць унутраныя іспыты.

17.07.2024 / 11:43

У Мінадукацыі прагназуюць, што гэта будзе напружаны дзень для прыёмных камісій. Яны будуць працаваць «да апошняга абітурыента». Аднак доступ у карпусы спыніцца роўна а 18:00.

«Тыя абітурыенты, якія зайшлі ў корпус да 18:00 і хочуць падаць дакументы, будуць прынятыя прыёмнай камісіяй, мы будзем працаваць, пакуль абсалютна ўсе ахвотныя не пададуць дакументы», — адзначыў прарэктар БДУ Віктар Кочын.

Менавіта ў апошні дзень пачынаецца «тая самая гонка», калі абітурыенты з паўпрахаднымі баламі робяць важны выбар. Ахвотных падаць дакументы больш, чым напярэдадні.

Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў на сайтах ВНУ будзе абнаўляцца а 12:00, 15:00 і 17:00, піша Onliner.by.

Усяго сёлета ВНУ плануюць прыняць 50,6 тыс. абітурыентаў, з іх 31,4 тыс. — на бюджэт.

Nashaniva.com