Германія плануе ўдвая зменшыць падтрымку Украіны ў 2025 годзе

У кампрамісным праекце бюджэту, які ў сераду павінен прыняць нямецкі ўрад пасля працяглых спрэчак у кааліцыі, закладваюць удвая меншую суму на падтрымку Украіны, чым на 2024 год, піша «Украінская праўда» са спасылкай на Reuters.

17.07.2024 / 13:42

У сераду ўрад Германіі павінен нарэшце зацвердзіць бюджэт на 2025 год — пасля працяглых перамоваў, якія сталі няпростым выпрабаваннем для «святлафорнай кааліцыі» ва ўмовах неабходнасці не павялічваць дзярждоўг звыш устаноўленых межаў.

Міністр фінансаў Крысціян Лінднер настойваў на тым, што выдаткі павінны быць абмежаваныя пасля больш высокіх выдаткаў падчас пандэміі каранавіруса і энергетычнага крызісу.

У праекце нібыта прадугледжаныя ўдвая меншыя сродкі на вайсковую дапамогу Украіне — закладваюць 4 млрд еўра замест 8 млрд еўра ў 2024 годзе.

Раней неафіцыйна паведамлялі, што ў праекце ўсё яшчэ застаецца дэфіцыт памерам 17 мільярдаў еўра.

Nashaniva.com