Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?

Сабралі тлумачэнні экспертаў.

17.07.2024 / 16:47

Збіты «Шахед». Ілюстрацыйнае фота: паветраныя сілы Украіны

Апошнім часам было зафіксавана як мінімум чатыры выпадкі залёту на тэрыторыю Беларусі расійскіх беспілотнікаў. 16 ліпеня адзін з іх узарваўся ў 55 км ад Бабруйска.

Разведка ці правакацыя

Прычын можа быць некалькі. Сярод іх украінскі вайсковы эксперт Павел Нарожны называе збор даных альбо пошук украінскіх СПА:

«Першае — гэта можа быць збор нейкіх звестак. Бо ў прынцыпе гэты «Шахед» дастаткова вялікі і можа несці дастаткова вялікую нагрузку на сабе — да 50 кг. Гэта можа быць радар (…). Дрон можа сабраць нейкія даныя, прыляцець у Беларусь, і з яго там іх здымаюць і да таго падобнае.

Ці яны, напрыклад, могуць назіраць ці спрацуе наш радар, і па гэтым радары могуць нанесці ўдар. Таму што ў расіян ёсць супрацьрадыёлакацыйная ракета Х-31П».

Нарожны таксама не выключае спробаў Расіі такім чынам справакаваць Беларусь да ўдзелу ў вайне. На думку эксперта, расійскі беспілотнік можа нанесці шкоду аднаму з аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта будзе прадстаўлена як «удар украінскага беспілотніка».

Работа ўкраінскай РЭБ

Сярод магчымых прычын, па меркаванні Нарожнага, можа быць работа ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якія проста глушаць дрону сігнал GPS або перадаюць нейкія фэйкавыя сігналы. У выніку ён ляціць у незразумелым напрамку.

Эфектыўнасць працы ўкраінскіх РЭБ як прычыну прылётаў у Беларусь дронаў, выпушчаных па Украіне, называе і кіраўнік праграм бяспекі ўкраінскага Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія XXI» Павел Лакійчук.

Тэхнічныя праблемы

Акрамя гэтага Лікайчук лічыць, што прычынай можа быць дрэнны тэхнічны стан беспілотнікаў, якія ў апошні час з-за значных стратаў вырабляюцца ў вялікай спешцы.

«За некалькі ўдараў нашы воіны знішчылі амаль 200 «Шахедаў» і іншых дронаў. Ёсць інфармацыя ад разведкі Ізраіля, што гарэў завод па вытворчасці гэтых дронаў у Іране, і пэўны дэфіцыт гэтых відаў боепрыпасаў у расіян назіраецца. Ад гэтага поўная паспешнасць пры падрыхтоўцы гэтых сродкаў паражэння, і яны могуць ляцець не туды, куды трэба», 

тлумачыў Лакійчук.

Няўдалыя расійскія эксперыменты

Вайсковы эксперт, кіраўнік Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка гаворыць аб тым, што адной з прычын могуць быць эксперыменты расіян.

«Трэба разумець, што Расія эксперыментуе з «Шахедамі». Магчыма, пры ўдзеле іранскіх вытворцаў, якія пастаянна хочуць мяняць нешта»,

— тлумачыць эксперт і адзначае, што для таго, каб зменшыць уразлівасць, эксперыментуюць з вышынёй, корпусам, хуткасцю, навігацыйнай сістэмай.

На думку Мусіенкі, залёты беспілотнікаў у Беларусь не выпадковыя. Расійскі бок наўмысна шукае новыя маршруты для таго, каб пазбегнуць супрацьдзеяння мабільных груп.

Эксперт звяртае ўвагу, што некаторыя «Шахеды» пасля палёту над Беларуссю вяртаюцца на тэрыторыю Украіны.

«Гэта сведчыць аб намеры. Іх мэта не толькі ў тым, каб заставацца недзе ў небе над тэрыторыяй Беларусі. Мэта — вяртанне ва Украіну», — лічыць Мусіенка.

Але асобныя дроны, залятаючы ў Беларусь, пачынаюць блукаць. Эксперт не выключае, што прычынай можа быць збой іх навігацыйнай сістэмы ў выніку работы беларускай РЭБ. Але галоўным ён называе няўдалую работу расійскіх аператараў і інструктараў, якія не могуць разабрацца з тэхнічнымі прычынамі.

Палітычныя гульні Пуціна

Палітычны аналітык «Позірка» Аляксандр Класкоўскі не выключае, што прычынай можа быць жаданне Пуціна паставіць Лукашэнку на месца.

«Можа, гэта знак Масквы, каб мінскі васал ведаў сваё месца? А то ў апошні час ужо балюча міралюбную пласцінку заводзіць. Вунь намякае, што з украінцамі сепаратна дамаўляецца, Захаду нейкія сігналы пасылае. Дык вось усячы, хто насамрэч гаспадарыць у тваім небе, і не толькі там.

Гэтыя залёты «Шахедаў» небяспечныя і тым, што ўкраінцы — пра гэта ўжо заявілі некаторыя тамтэйшыя спікеры — у адказ могуць пачаць выкарыстоўваць неба над Беларуссю для пралёту сваіх беспілотнікаў, накіраваных на расійскія аб'екты. Тады стане зусім весела», — піша аналітык на «Позірку».

Класкоўскі падсумоўвае: пакуль Лукашэнка малюе пагрозу ад украінцаў і палякаў, рэальны дамоклаў меч над беларусамі падвешвае «любімы саюзнік правадыра».

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю

Уначы шахед зноў заляцеў у Беларусь

У Беларусь зноў заляцеў шахед. Гэтым разам ён дабраўся да Віцебска 

Учора на Беларусь заляцеў расійскі шахед. Што гэта было? 

Nashaniva.com