Пасля замаху на Трампа жанчыны-агенты Сакрэтнай службы сталі аб'ектам крытыкі

Сакрэтная служба ЗША пасля замаху на Дональда Трампа 13 ліпеня стала мішэнню для мізагіністычных нападак у сетцы. Аўтары каментароў раскрытыкавалі палітыку роўнасці і разнастайнасці пры найме ў ведамства, назваўшы яе адной з прычын правальных дзеянняў сакрэтнай службы на перадвыбарным мітынгу ў Пенсільваніі, піша «Холод».

17.07.2024 / 15:00

«У Сакрэтнай службе не павінна быць жанчын», — напісаў у сацсетцы X вядомы кансерватыўны каментатар Мэт Уолш, апублікаваўшы відэа з трыма жанчынамі-агентамі, якія ўсаджваюць Трампа ў аўтамабіль адразу пасля няўдалага замаху на яго. 

There should not be any women in the Secret Service. These are supposed to be the very best, and none of the very best at this job are women.

pic.twitter.com/LH3fa6FVhl

— Matt Walsh (@MattWalshBlog) July 14, 2024

«Яны павінны быць лепшымі, але сярод лепшых на гэтай службе няма жанчын», — дадаў ён. 

У сваю чаргу, уладальнік сацсеткі X мільярдэр Ілан Маск напісаў, што жанчыны ў ахове былога прэзідэнта занадта «маленькія», каб у выпадку небяспекі закрыць яго ад куль, і былі нанятыя на службу не за свае прафесійныя якасці.

 А інвестар-мільярдэр Біл Акман заявіў, што палітыка інклюзіўнасці, роўнасці і разнастайнасці пры найме ў Сакрэтную службу стала адной з прычын правалу ведамства пры забеспячэнні аховы Трампа. 

«Вось, што здараецца, калі вы даручаеце працу не лепшым з лепшых», — пракаментаваў тое, што адбылося на перадвыбарчым мітынгу Трампа ў Пенсільваніі кангрэсмен-рэспубліканец Цім Берчэт. 

Ён адзначыў, што дырэктар Сакрэтнай службы Кімберлі Чытл актыўна прасоўвае палітыку інклюзіўнасці, роўнасці і разнастайнасці і абяцала да канца дзесяцігоддзя давесці долю жанчын-агентаў у ведамстве да 30%. 

Як адзначае FT, Берчэт уваходзіць у склад Камітэта па наглядзе Палаты прадстаўнікоў, перад якім Чытл давядзецца даваць справаздачу з нагоды здзейсненага на Трампа замаху. 

У сваю чаргу, прыхільнікі інклюзіўнасці і разнастайнасці ў кадравым складзе сілавых структур выказалі занепакоенасць падобнай рыторыкай каментатараў. 

«Людзі адчуваюць сябе ў большай бяспецы, калі іх шмат, і чым больш такіх людзей, як Цім Берчэт, кажуць рэчы, якія відавочна зʼяўляюцца жанчынаненавісніцкімі і сексісцкімі, тым больш тых, хто адчувае, што падобныя выказванні сыдуць з рук і ім», — заявіла ветэран службы ў ЦРУ з 34-гадовым вопытам Джына Бенет. Яна дадала, што падобныя выказванні садзейнічаюць цярпімасці ў грамадстве да праяў сексізму, расізму, жанчынаненавісніцтва.

Нямецкі журналіст цынічна пажартаваў аб замаху на Трампа

Шанец — адзін на мільён: куля, якая ляцела ў Трампа, трапіла на фота

Трамп упершыню з'явіўся на публіцы з перавязаным вухам пасля стрэлаў у Пенсільваніі ФОТА

Пасля замаху на Трампа акцыі яго кампаніі ўзляцелі на 77%

Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск

Nashaniva.com