Мінлясгас заклікаў беларусаў найбліжэйшымі тыднямі не хадзіць у грыбы
У Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі заклікалі беларусаў не наведваць лясы цягам найбліжэйшых двух-трох тыдняў. Там, маўляў, цяпер так небяспечна, што невядома, з якога боку прыляцяць непрыемнасці.
17.07.2024 / 18:57
Па-першае, у лясах цяпер шмат буралому з-за шторму, які абрынуўся на розныя рэгіёны Беларусі 13 і 14 ліпеня. А таксама небяспеку ўяўляюць характэрныя для гэтага лета высокія тэмпературы паветра.
«У дадзены момант вядзецца распрацоўка бураломаў і ветравалаў. Кроны дрэў могуць вісець і ў любы момант зваліцца ў найлепшым выпадку пад ногі. Цяпер лес-гэта зона павышанай небяспекі», — заявіў кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Аляксей Бойка на прэс-канферэнцыі.
У асаблівай небяспецы, на яго думку, грыбнікі, бо яны «не глядзяць уверх, а збіраюць дары прыроды ўнізе».
Чыноўнік таксама расказаў, што цёплыя плыні паветра з Афрыкі прынеслі з сабой тэмпературы да 37°С, лясы з-за таго разагрэтыя, а з-за таго павялічваецца і небяспека пажараў.
«Любая іскра, любыя няправільныя паводзіны з агнём могуць прывесці да непапраўных наступстваў, за якімі, натуральна, будзе ісці як адміністрацыйная адказнасць, так і крымінальная», — ужо не просіць, а пагражае Аляксей Бойка.
Аказваецца, збіраючы грыбы, можна нарвацца на штраф. Чаго рабіць нельга?
Якую экасцежку ў Беларусі абраць для падарожжа выхаднога дня?
Топ маляўнічых месцаў для летніх вандровак па Беларусі, далей ад гарадской задухі
Чаму ў беларускіх лясах стала так шмат кляшчоў? Асноўныя прычыны дзве