У Святланы Ціханоўскай мяняецца дарадца па прававых пытаннях

Крысціна Рыхтэр пакідае пасаду дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, якую яна займала з канца снежня 2022 года. Ёй на змену прыходзіць Лявон Марозаў, піша «Люстэрка».

17.07.2024 / 21:43

Лявон Марозаў. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Крысціна Рыхтэр называе сваё рашэнне аб пакіданне пасады «асабістым і абдуманым», а асноўнай прычынай для яго называе стомленасць:

«Зараз адчуваю, што прыйшоў час крыху запаволіць тэмп, каб засяродзіцца на сваім здароўі, стане ў цэлым, а таксама правесці больш часу з сям'ёй».

Канкрэтных планаў на сваю прафесійную будучыню ў яе пакуль няма, але запэўнівае, што будучая дзейнасць будзе «адназначна звязаная з падтрымкай Беларусі і дапамогай беларусам».

Офіс Святланы Ціханоўскай на развітанне гаворыць пра Крысціну Рыхтэр цёплыя словы, падкрэсліваючы яе вялікую ролю ў стварэнні юрыдычнага аддзела і наладжванні яго эфектыўнай працы. Кандыдатуру свайго пераемніка Офісу, як сцвярджаецца, прапанавала яна сама.

Новым дарадцам Ціханоўскай па прававых пытаннях стаў Лявон Марозаў — юрыст, выкладчык і былы міжнародны сакратар Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА».

Лявону Марозаву 36 гадоў, ён нарадзіўся ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Скончыў МІПСА па спецыяльнасці «міжнароднае публічнае права», пасля — магістратуру гэтай самай ВНУ. Пасля гэтага стаў выкладчыкам у родным універсітэце. Таксама выкладаў і ў В'етнаме.

У 2016 годзе Марозава звольнілі з МІПСА па палітычных матывах, пасля чаго ён пачаў працаваць у праваабарончых і грамадскіх арганізацыях Беларусі. Больш за пяць гадоў прадстаўляў Беларускую нацыянальную моладзеваю раду «РАДА» на міжнародным узроўні, а таксама быў экспертам працоўнай групы па правах моладзі ў Еўрапейскім моладзевым форуме ў Бруселі.

У 2020 і 2022 гадах Лявон Марозаў стаў аўтарам альтэрнатыўных дакладаў па правах моладзі ў рамках універсальнага перыядычнага агляду ў Раду ААН па правах чалавека, а таксама альтэрнатыўнай справаздачы па правах моладзі ў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. У якасці эксперта па правах чалавека працаваў у Ліване, Зімбабвэ, Філіпінах і ў дзесятку краін Еўрапейскага Саюза.

Ціханоўская: Абмежаванні на мяжы не закрануць аўтобусы і маршруткі

Лябедзька: Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Але трэба закласці пераходны перыяд

Вячорка: Лукашэнка абвесціць дату сваіх выбараў, толькі калі скончацца амерыканскія

Ярмошына пра Ціханоўскую: Проста прадаўшчыца на фоне Караткевіч у 2015-м

Nashaniva.com