Аўтар «Свінняў» Чарнуха выдае новую кнігу — даведаліся дэталі

Пісьменнік і журналіст Аляксандр Чарнуха рыхтуе да друку новую кнігу — апавяданні пра дыктатуру і гвалт. Распыталі аўтара «Свінняў» і вядучага ютуб-канала «Міністэрства сепультуры» пра зборнік і тое, калі ён з’явіцца.

18.07.2024 / 16:16

Аляксандр расказвае, што напісанне кнігі яшчэ ў працэсе, меркаваны час выхаду — восень:

«Некалькі апавяданняў ужо напісаныя, адно з іх вы ўжо маглі бачыць — гэта апавяданне «Рука». Працоўная назва кнігі — «Гвалт», бо ўсе гэтыя апавяданні будуць аб’яднаныя тэмай гвалту ў розных сэнсах гэтага слова. Недзе палова кнігі ўжо напісаная, плануецца, што апавяданняў будзе дзесяць. 

Гэта дакладна не стыль «Свінняў», але і проста рэалізмам я б гэта не назваў. Гаворка пра гісторыі, у якіх пераплецены рэалізм, недзе нават гіперрэалізм, з нейкімі фантастычнымі сюжэтамі. Гэта будзе нешта вельмі асабістае, але пры гэтым сюжэты, блізкія і зразумелыя кожнаму беларусу».

Аўтар прыводзіць у прыклад апавяданне «Рука», дзе памерлага чыноўніка выкопваюць з труны і ставяць перад людзьмі, каб ён зрабіў прамову.

Чарнуха кажа, што спрабаваў розныя магчымасці выдаць кнігу. Напрыклад, ён падаваўся на грант Беларускай рады культуры, але не атрымаў яго. Таму пісьменнік змяніў падыход — збірае грошы праз краўдфандынг.

«Вырашыў, што мой галоўны актыў — гэта ўсё-ткі чытачы, і звярнуўся да іх. Насамрэч ад аўдыторыі залежыць, ці ведаюць і любяць цябе, ці сапраўды ты пішаш нешта вартае. Мне хацелася звярнуцца менавіта да людзей, якія мяне чытаюць ці хацелі б чытаць, і прапанаваць ім падтрымаць гэтую кнігу».

На выданне кнігі Аляксандр збірае 6700 еўра: сюды ўключаная праца ілюстратара, карэктара, рэдактара, а таксама вёрстка, дызайн вокладкі і друк 1000 асобнікаў. Свой ганарар аўтар не закладаў, бо ўсё роўна будзе атрымліваць камерцыйны прыбытак з продажу кнігі. Частка з 1000 асобнікаў, тлумачыць ён, пойдзе да спонсараў, а іншая частка будзе прадавацца. 

Эксперымент на жывым чалавеку. Выйшаў першы раман на матэрыяле з жыцця беларускіх айцішнікаў

«Што там Чарнуха не раіць?» Пра дэгенератыўнае мастацтва і найлепшыя трэкі распыталі знаўцу беларускай музыкі

Хто робіць беларускіх падлеткаў сусветнымі зоркамі. Беларускі музычны лэйбл, пра які вы маглі не чуць

Nashaniva.com