Толькі за апошні месяц над Беларуссю праляталі 6 пасажырскіх самалётаў, якія не павінны былі гэтага рабіць

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», каментуючы сітуацыю з нядаўнім 20-хвілінным пралётам над Беларуссю самалёта авіякампаніі AirBaltic, які ляцеў з Рыгі ў Прышціну, адзначыў, што нічога нечаканага ў ёй, насуперак сцвярджэнням літоўскіх СМІ, няма. 

18.07.2024 / 16:17

Як сцвярджае тэлеграм-канал, нягледзячы на ўведзеныя ў 2021 года, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску транзітнага самалёта авіякампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, забароны над паветранай прасторай Беларусі, замежныя самалёты працягнулі перыядычна залятаць у Беларусь.

Часам барты авіякампаній Turkish Airlines або Air Montenegro мэтанакіравана ляцелі праз Беларусь, магчыма скарачаючы маршрут, аднак у большасці выпадкаў заходы ў паветраную прастору Беларусі еўрапейскіх самалётаў былі (і будуць) з-за адной галоўнай прычыны — метэаўмовы (залева, навальніца, снег) на шляху руху. 

На прыведзеных каналам малюнках прыведзеныя 6 выпадкаў, якія адбыліся толькі за апошні месяц: ярка-зялёным колерам пазначаныя межы зон ападкаў і маршрут самалётаў, якія заляталі ў Беларусь, каб банальна не ляцець у навальніцу:

16 ліпеня — ужо згаданы рэйс BTI2UE а/к AirBaltic (Рыга-Прышціна);

11 ліпеня — THY1SR Turkish Airlines (Вільня-Стамбул);

22 чэрвеня — RYR77J Ryanair (Рыга-Кракаў);

22 чэрвеня — THY3RH Turkish Airlines (Стамбул-Вільня);

22 чэрвеня — SAS7847 SAS (Стакгольм-Сантарыні);

22 чэрвеня — SAS7313 SAS (Будзё-Ханья).

Акрамя таго, рэдакцыі таксама вядомыя супрацьлеглыя выпадкі, калі кіраўнік паветраным рухам у зоне аэрапорта «Вільня» строга забараняў бартам перасякаць мяжу з Беларуссю, нягледзячы на надвор'е. Да прыкладу, як у сітуацыі з рэйсам RYR72PT авіякампаніі Ryanair 25 мая. Верагодна, што тады гэтая забарона была абумоўленая вельмі ўжо нізкай вышынёй палёту самалёта, які рыхтаваўся да пасадкі.

Самалёт AirBaltic з-за буры заляцеў у паветраную прастору Беларусі

Колькасць самалётаў, што лётаюць праз беларускую паветраную прастору, скарацілася ў 10 разоў

Куды і на чым лятае Belavia падчас санкцый

Nashaniva.com