Экс-палітзняволеная Ася Булыбенка апублікавала фота з кнігай Рэмарка — за гэтым хаваецца кранальная гісторыя
Былая палітзняволеная Ася Булыбенка напісала кранальны пост пра падарункі ад чалавека, які праз лісты падтрымліваў яе за кратамі. Адзін з гэтых падарункаў прысвечаны парыжскай славутасці, і Ася прывезла яго з сабой у Парыж.
18.07.2024 / 17:29
Фота: asya_cucumber / Instagram
Ася апублікавала фота і відэа, на якіх яна стаіць ля Трыумфальнай аркі — знакамітага манумента ў Парыжы. У руках дзяўчына трымае кнігу Эрыха Марыі Рэмарка «Трыумфальная арка».
Як аказалася, за гэтымі кадрамі хаваецца прыгожая гісторыя. На наступны дзень пасля вызвалення дзяўчына атрымала гэтую кнігу і яшчэ некалькі твораў Рэмарка ад чалавека, якога да таго моманту ведала толькі па лістах. Рэмарк — увогуле значны аўтар для Асі:
«У СІЗА і калоніі я вельмі палюбіла Эрыха — адгукнуўся. Тое, пра што ён піша, знаёмае нам, на жаль. Той жа Рэмарк хаця б трохі падрыхтаваў мяне да вызвалення».
Акрамя кніг, новы сябар падарыў дзяўчыне чырвоную сукенку. У ёй Ася выйшла на пікет у Вільні пасля таго, як адседзела яшчэ 30 сутак і вымушана эмігравала з Беларусі.
І вось цяпер Ася пабачыла Трыумфальную арку на свае вочы — і ў руках трымала тую аднайменную кнігу ад сябра.
«Каронкі для зубоў вязні рабілі самі». Эксперты расказалі пра турэмную медыцыну ў Беларусі