Удзельнік апазіцыйнага руху Віталь Лухвіч выявіўся платным міліцэйскім стукачом
У 2019-м ён удзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй. На апубліканых фота ён стаіць побач з Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, трымае бел-чырвона-белы сцяг.
20.07.2024 / 10:04
Віталь Лухвіч. Фота: amia.by, belsat.eu
Віталю Лухвічу 46 гадоў. Ён мінчук. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
Найперш ён вядомы як кіраўнік школы па адзінаборствах у так званым рускім стылі, якая існуе не менш за 15 гадоў. Цяпер яна называецца «Самба» і знаходзіцца ў Заводскім раёне Мінска.
Сюжэт пра школу Віталя з АНТ
Агулам у базах Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва і ДАІ, якія ёсць у «Кіберпартызанаў», у мужчыны пад сотню запісаў пра месцы працы. Там і ўніверсітэты з каледжамі, і прадпрыемствы, дэпартамент фінансаў і тылу МУС і нават комплекс «Стайкі».
Віталь нейкі час працаваў на АНТ і на «Беларусьфільме», імаверна, як аператар.
Віталь Лухвіч падчас працы на АНТ. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Абліваў фарбай суседа і ўдзельнічаў у дэманстрацыях
Першую вядомасць у незалежных медыя Лухвіч атрымаў у 2017 годзе, на гэта звярнуў увагу праект Luka.Zone. Тады ён абліў белай фарбай суседа, які спрабаваў адвучыць яго паркавацца на тратуары. Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», у выніку Лухвіч атрымаў адну базавую штрафа.
Віталь Лухвіч (справа) і аблітае фарбай адзенне суседа
Паралельна Лухвіч стаў спрабаваць прымазацца да розных дэмакратычных рухаў. Напрыклад, наведваў акцыі руха салідарнасці «Разам». Яго нават аднойчы затрымлівалі ў 2019-м падчас спробы ўшанаваць памяць забітых нацыстамі ў Хатыні (праўда, аніякага пакарання ён не атрымаў).
Сустаршыня «Разам» Алена Талстая расказала «Нашай Ніве», што аніякай пасады ў руху Лухвіч не займаў і не браў удзел у сходах ці рабочых групах арганізацыі. Але хадзіў на акцыі:
Віталь Лухвіч (справа) на акцыі побач са сустаршынёй руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам. Фота: Белсат
«Яны былі адкрытыя, публічныя, з анонсамі ў СМІ і фэйсбуку. Акцыі ладзіліся ўласнымі сіламі, кожны дапамагаў чым мог: транспартам, знічкамі, кветкамі і гэтак далей. Віталь прыйшоў на адну з акцыяў ушанавання, сказаў, што яму гэта падабаецца.
Не хаваў, што працуе ў спортзале з міліцыянтамі, трэнерам або нешта такое. Сам з гэтага пасмейваўся. Крыху незвычайны для нашага атачэння чалавек, але ніякіх падстаў яго праганяць не было. Падчас акцый нас штораз і так здымалі сэксоты.
Нікуды не лез, нічога не выпытваў, не набіваўся. Трымаў сябе па-кампанейску. Асаблівых сяброўскіх стасункаў ні з кім не падтрымліваў. [Неяк] проста перастаў прыходзіць на акцыі і ўсё».
Лухвіч са сцягам у руках па цэнтры. Фота: Белсат
А ў 2019-м удзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй, якія ініцыяваў Мікола Статкевіч. На фота ён трымаецца побач з Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім.
На мяжы 2019-га і 2020-га Лухвіч знік з публічных радараў. Апошняе яго фота ў медыя — прагулка ў раёне Нямігі ў жніўні 2020-га, але там ён не ўдзельнічае ў пратэстах.
«Ларыскор» і стукацтва
Стала вядома, што Лухвіч быў супрацоўнікам «Ларыскор». Нагадаем, гэта фірма для фармальнага працаўладкавання платных стукачоў МУС. Па звестках з базаў «Кіберпартызанаў», Лухвіч працаваў там з красавіка 2016-га па 2020-ты ўключна.
Ягоны заробак у «Ларыскоры» за 2020 год, напрыклад, склаў 7000 рублёў, каля 3000 даляраў на той момант.
Яшчэ ў 2020-м Лухвіч як мінімум двойчы даносіў на пратэстоўцаў. 28 верасня ён паведаміў, што сусед вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. А ў дзень смерці Рамана Бандарэнкі 12 лістапада ён скардзіўся, што «кампанія з бчб-сцягамі перакрыла дарогу ў раёне вуліцы Чарвякова, шумяць». Нумар і адрас выкліку супадаюць са звесткамі Лухвіча.
Віталь Лухвіч на семінары ў Акадэміі МУС. Фота: amia.by
Цікава, што ў Лухвіча ёсць брат-блізнюк Вадзім. Ён таксама прысвяціў жыццё спорту. І ён таксама стукач. У верасні 2020-га Вадзім Лухвіч паведаміў, што на воданапорнай вежы ў Ратамцы вісіць бел-чырвона-белы сцяг.
Віталь Лухвіч жа дагэтуль кіруе сваім клубам па адзінаборствах. Праводзіць семінары, сярод іншага і для курсантаў акадэміі МУС.
А таксама працуе ў школе. Па звестках праекта DIT, мужчына займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем у гімназіі №29 у Мінску.
Публікацыя зробленая з дапамогай Digital Intelligence Team (DIT) і базаў «Кіберпартызанаў». DIT — гэта OSINT-праект, які супрацоўнічае з прадэмакратычнымі структурамі ды праектамі ў раследаваннях і даследаваннях розных тэмаў.