Трамп афіцыйна прыняў намінацыю кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі
Падчас сваёй прамовы 45-ы і магчымы 47-ы прэзідэнт ЗША шмат казаў пра эканоміку.
19.07.2024 / 08:17
Дональд Трамп. Фота: Manuel Balce Ceneta / AP
Былы прэзідэнт у чацвер вечарам прыняў прэзідэнцкую намінацыю сваёй партыі на агульнанацыянальным з'ездзе рэспубліканцаў у Вісконсіне, піша «Голас Амерыкі».
Усяго праз пяць дзён пасля замаху на яго жыццё, Дональд Трамп у чацвер вечарам звярнуўся да Нацыянальнага з'езда Рэспубліканскай партыі, каб прыняць прэзідэнцкую намінацыю сваёй партыі і зрабіць прамову, накіраваную на аб'яднанне яго партыі і нацыі ў цэлым у падтрымку яго трэцяй запар спробы заняць Белы дом.
Падчас свайго выступу ў чацвер вечарам Дональд Трамп апісаў, як ён цудам выжыў пасля замаху на сваё жыццё, распавядаючы захопленай аўдыторыі ў сваім першым выступе пасля нападу, што ён знаходзіцца тут з ласкі Усемагутнага Бога.
«Я пачуў гучны свісцячы гук і адчуў, як нешта ўдарыла мяне вельмі, вельмі моцна па правым вуху, — сказаў ён, выступаючы на сцэне ў Мілуокі з павязкай, якая ўсё яшчэ пакрывае яго вуха. — Я сказаў сабе: «Вау, што гэта было? Гэта можа быць толькі куля».
У адказ на словы экс-прэзідэнта, які сказаў, «што мяне не павінна было быць тут», аўдыторыя закрычала ў адказ: «Так, ты павінен быць тут!»
Gene L. Pulsar / AP
На вялікіх экранах у глыбіні сцэны ў гэты момант паказвалі фатаграфіі акрываўленага Трампа. Ён пахваліў агентаў Сакрэтнай службы, якія кінуліся да яго на дапамогу, і аддаў даніну павагі загінуламу ад кулі стралка Коры Камператорэ, жыхару Пенсільваніі.
Былы прэзідэнт заняў незвычайна прымірэнчую пазіцыю ў першыя моманты сваёй прамовы, калі ён афіцыйна прыняў партыйную намінацыю на пасаду прэзідэнта.
«Я балатуюся ў прэзідэнты для ўсёй Амерыкі, а не для паловы Амерыкі, бо няма перамогі ў тым, каб перамагчы на выбарах для паловы Амерыкі», — сказаў ён, што стала прыкметным змяненнем у звычайна ваяўнічым тоне былога прэзідэнта.
Зрэшты, Трамп неўзабаве перайшоў да звыклых нападаў на адміністрацыю Байдэна, сцвярджаючы, што яго крымінальныя абвінавачванні з'яўляюцца палітычна матываванымі спробамі прадухіліць яго абранне.
Пад час сваёй прамовы Трамп шмат казаў пра эканоміку. Ён заявіў, што падчас яго прэзідэнцтва інфляцыі не было, правёўшы кантраст паміж сваёй адміністрацыяй і адміністрацыяй прэзідэнта Джо Байдэна, першыя гады кіравання якога былі адзначаны высокімі тэмпамі інфляцыі.
Акрамя таго, ён чарговы раз заявіў, што падчас свайго кіравання ён ажыццявіў найбуйнейшае ў гісторыі ЗША скарачэнне падаткаў: «Выдатная эканоміка, найбуйнейшае ў гісторыі скарачэнне падаткаў, найбуйнейшае ў гісторыі скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання, стварэнне касмічных сіл, аднаўленне нашых Узброеных сіл. Мы зрабілі многае», — сказаў ён, паабяцаўшы знізіць падаткі і адначасова скараціць федэральны доўг, які перавышае 36 трлн даляраў.
Яшчэ адно пытанне, хвалюючае многіх амерыканцаў — міграцыя, і Трамп не абышоў гэтае пытанне ў сваім выступе.
«Крызіс, і ён адбываецца проста цяпер — масавае ўварванне на нашу паўднёвую мяжу, якое прывяло да няшчасцяў, злачыннасці, галечы, хвароб і разбурэнняў у супольнасцях па ўсёй нашай краіне. Ніхто ніколі не бачыў нічога падобнага», — заявіў ён.
«Я скончу крызіс нелегальнай іміграцыі, Зачыніўшы нашу мяжу і дабудаваўшы сцяну, большую частку якой я ўжо пабудаваў. З нагоды сцяны мы мелі справу з вельмі складаным Кангрэсам, і я сказаў: «Усё ў парадку, мы не будзем звяртацца ў Кангрэс». Я называю гэта ўварваннем. Мы вылучылі нашым вайскоўцам амаль 800 мільярдаў даляраў. Я сказаў, што вазьму трохі гэтых грошай, бо гэта ўварванне. Сцяна ўжо пабудавана, большая частка сцяны ўжо пабудавана, і мы пабудавалі яе за кошт гэтых сродкаў. Таму што яшчэ можа быць лепш гэтага? Мы павінны спыніць ўварванне ў нашу краіну, якое забівае сотні тысяч людзей у год. Мы не дазволім гэтаму здарыцца», — заявіў Трамп.
Экс-прэзідэнт таксама абвінаваціў дзейную адміністрацыю ў стварэнні міжнародных крызісаў, да якіх ён аднёс «жудасную вайну з Расіяй і Украінай, якая ніколі б не здарылася, калі б я быў прэзідэнтам, і вайну, выкліканую нападам на Ізраіль, якая ніколі б не здарылася, калі б я быў прэзідэнтам».
«Пры правільным кіраўніцтве ўсе бедствы, якія мы зараз перажываем, будуць выпраўленыя, і вельмі, вельмі хутка. Таму сёння ўвечары, незалежна ад таго, падтрымлівалі вы мяне ў мінулым ці не, я спадзяюся, што вы падтрымаеце мяне ў будучыні, таму што я вярну амерыканскую мару. Вось што мы збіраемся зрабіць. Вы нават не чуеце пра амерыканскую мару. З вялікай пакорай я прашу вас радавацца будучыні нашай краіны», — заявіў Трамп.
Прамова завяршыла чатырохдзённае мерапрыемства, на якім паплечнікі па партыі сустрэлі яго з любоўю.
Як піша Reuters, усе рэспубліканцы цяпер «здаецца, цалкам пад ягоным уплывам».
Выбары пройдуць праз тры з паловай месяцы, 5 лістапада.
Байдэн назваў адзіную ўмову, пры якой адмовіцца ад прэзідэнцтва
Трамп упершыню з'явіўся на публіцы з перавязаным вухам пасля стрэлаў у Пенсільваніі ФОТА
Рэспубліканская партыя афіцыйна вылучыла Трампа кандыдатам у прэзідэнты ЗША
Трамп назваў свайго кандыдата ў віцэ-прэзідэнты