Акадэмія навук распрацавала інструкцыю па знішчэнні «экстрэмісцкіх» кніг у бібліятэках

Па новай інструкцыі з бібліятэчных фондаў будуць выключаць літаратуру і дакументы, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

19.07.2024 / 15:46

Фота: афіцыйны сайт НАН Беларусі

Аб'яднанне былых сілавікоў «Белпол» піша, што нядаўна Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прыняла пастанову — «Інструкцыю аб парадку выключэння інфармацыйнай прадукцыі, якая прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі, з бібліятэчных фондаў бібліятэк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і падначаленых ёй арганізацый».

Дакумент ускладае на кіраўнікоў бібліятэк персанальную адказнасць за несвоечасовае выяўленне і выключэнне згаданай літаратуры і несанкцыянаванае яе выкарыстанне.

У кожнай падведамаснай бібліятэцы цяпер будзе спецыяльная асоба, якая не радзей за раз на тыдзень будзе правяраць фонды, новыя паступленні, а таксама ліцэнзаваныя электронныя базы даных на наяўнасць у іх дакументаў, якія ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Калі такія выявяць, то іх будуць выключаць з фондаў з выдаленнем усёй інфармацыі з інфармацыйных рэсурсаў і з даведачна-бібліяграфічнага апарату. Выключыць такое выданне і інфармацыю пра яго павінны на працягу 30 дзён пасля ўнясення дакумента ў спіс.

У якасці падставы для выключэння будзе пазначацца «няпрофільны дакумент».

Калі экстрэмісцкі дакумент будзе знойдзены ў ліцэнзаванай базе даных, то на адрас пастаўшчыка будзе накіроўвацца паведамленне з патрабаваннем на працягу 30 дзён выключыць яго з доступу.

Пакуль на заканадаўчым узроўні не вызначаць, як знішчаць экстрэмісцкія матэрыялы, яны будуць захоўвацца. Для гэтага Цэнтральная бібліятэка выдзеліць шафу з замком, закрыты стэлаж ці асобнае памяшканне.

Доступ туды будзе мець толькі спецыяльна прызначаная асоба.

Кнігі Геніюш, Арсенневай і Някляева трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

«Як быццам бомбу ў школе знайшлі». Былая бібліятэкарка расказала, як школьныя бібліятэкі чысцяць ад «няправільных» кніг

«Экстрэмісцкую літаратуру» складаем асобна». У бібліятэках рыхтуюцца да адкрыцця спецхранаў

Улады ўпершыню пацвердзілі, што знішчаюць выданні, якія абвяшчаюць экстрэмісцкімі

Nashaniva.com