Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл
Ён працаваў спецыялістам па бяспецы ў аддзяленні Дзярждэпартамента ЗША ў Берліне.
19.07.2024 / 16:05
Рыка Крыгер. Фота з ягонага Linkedin
Рыка Крыгеру 30 гадоў і ён нарадзіўся ў Берліне. Пасля школы ён адвучыўся ў каледжы на аўтамеханіка ў горадзе Штраусберг, скончыў у 2014-м.
Пасля ён цягам трох гадоў працаваў спецыяльным супрацоўнікам службы бяспекі ў Берліне ў аддзяленні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў Берліне.
У 2017-м Крыгер уладкаваўся ў Дом састарэлых медыкам. У 2021-м перайшоў на працу ў нямецкі Чырвоны крыж як спецыяліст па экстраннай медыцыне.
Апошняя згадка пра яго ў інтэрнэце датуецца 2023 годам. Тады ён спрабаваў знайсці працу ў ЗША і рассылаў сваё рэзюмэ.
Вядома, што ў Рыка ёсць непаўналетняе дзіця.
Далейшы лёс Крыгера невядомы, як і дата затрымання. Асудзілі яго 21 чэрвеня 2024 года ў Мінскім абласным судзе.
Крыгера абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў — «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 293 КК), «незаконныя дзеянні са зброяй і выбуховымі рэчывамі» (ч. 4 арт. 295 КК), «наўмыснае прывядзенне да непрыдатнасці транспартнага сродку або пуцей зносінаў» (ч. 4 арт. 309 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» «агентурнай дзейнасці» (358-1 КК) і «найміцтве» (арт. 133 КК).
Па звестках канала «Матолькапамажы», яму прысудзілі смяротнае пакаранне. Невядома, ці абскарджваў ён прысуд. Таксама невядомыя іншыя абставіны справы.
Грамадзяніна Германіі прысудзілі ў Беларусі да расстрэлу