У расійскім Краснадары людзі перакрылі вуліцу з-за адключэнняў святла

Перабоі з электраэнергіяй ідуць ужо месяц.

20.07.2024 / 13:32

У мікрараёне Расінскага ў васьмі дамах ужо месяц адбываюцца масавыя адключэнні электраэнергіі. Па словах мясцовых жыхароў, святло адключалі спачатку адзін раз на тыдзень, потым па тры, паведамляе Baza.

Цяпер у дамах, некаторыя з якіх на 540 кватэр, святла няма па 12-15 гадзін за суткі. Пры гэтым у горадзе 39 градусаў.

Камунальныя службы падключаюць запасны трасфарматар, у кватэрах з'яўляецца то святло, то вада на 30-40 хвілін на кожны бок дома.

Жыхары гавораць, што аб планавых работах іх не папярэджвалі. Краснадарэнерга на званкі не адказвае, аварыйная служба не выязджае.

Змучаныя жыхары вырашылі прыцягнуць увагу мясцовых улад да праблемы — яны перакрылі вуліцу Салаўёва і скандуюць «Дайце святло!». На перакрытую вуліцу прыехала паліцыя. Улады пакуль не каментуюць сітуацыю.

Праблемы з электразабеспячэннем гэтым летам адбываюцца не толькі ў Краснадары, але і ў Ейску, і шэрагу іншых гарадоў на поўдні Расіі з-за дэфіцыту магутнасці ў энергасістэме і перагрузкі сеткі з-за высокага спажывання.

Nashaniva.com