Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Расійскія рэсурсы мяркуюць, што Рыка Крыгера ўзялі ў палон ва Украіне і вывезлі ў Беларусь.

20.07.2024 / 18:18

Рыка Крыгер. Фота з ягонага Linkedin

Згодна са звесткамі партала EADaily, Крыгер датычны да дыверсій «у расійска-беларуска-ўкраінскім памежжы». Тады ўстае пытанне — якую ж дыверсію ён мог здзейсніць, калі рэйкавая вайна ў Беларусі даўно не ідзе? Можна выказаць толькі адну здагадку.

Адзіны выпадак дыверсіі ў Расіі, калі пацярпеў беларускі цягнік — а гэта хоць якая юрыдычная прывязка да нашай краіны, — адбыўся ў Бранскай вобласці 1 мая 2023 года. Тады адбыўся выбух беларускага цягніка, які вёз у Расію паліва з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Лакаматыў быў знішчаны незваротна, як і чатыры вагоны. Чыгуначнае палатно было значна пашкоджанае.

Скрыншот відэа

На наступны дзень нехта зрабіў яшчэ адну дыверсію ў Бранскай вобласці. А 3 мая сілавікі склалі фотаробат і паведамілі, што чалавек «меў узрост ля 40 гадоў, перасоўваўся на ровары». А Лукашэнка склікаў нараду, каб абмеркаваць тое, як спыніць дыверсантаў.

Фотаробат падазраванага ў выбуху на чыгунцы. Фота: БАЗА

Пасля гэтага на мяжы Беларусі і Расіі фактычна ўзнавілі памежны кантроль, узмацніліся дагляды на беларуска-еўрапейскай мяжы, а чыгунку ахоўвалі сілавікі.

Па звестках таго ж EADaily, Крыгер ваяваў у замежным легіёне ГУР Украіны, які выданне называе «Палком Каліноўскага». Крыгера быццам бы ўзялі ў палон у лістападзе 2023 года і ў выніку выдалі беларускаму боку. Месяц таму грамадзяніна Германіі прысудзілі да расстрэлу.

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл

Было тры выбухі, утварылася варонка два з паловай метры — новыя падрабязнасці здарэння ў Бранскай вобласці

Пасля дыверсій на чыгунцы ў Бранскай вобласці сілавікі пачалі шукаць іншаземца ў Беларусі

Nashaniva.com