На Растоўскай АЭС адбыўся выбух і Расію накрыла хваля радыяцыі? Паспрабавалі разабрацца
У медыя з'явілася інфармацыя пра нібыта ўцечку радыяцыі і моцнае павышэнне радыеактыўнага фону каля Растоўскай АЭС. Карыстальнікі сацсетак запэўніваюць, што «радыеактыўнае воблака рухаецца да Саратава». Але падобна, што гэта ўкід.
20.07.2024 / 20:40
Растоўская АЭС. Фота: тэлеграм-канал @rostov_aes
Крыніцай гэтай інфармацыі стаў твітар-акаўнт SergVolin. 18 ліпеня ён расказаў пра тое, што на Растоўскай АЭС адбылася аварыя. На наступны дзень ён паведаміў пра павышэнне радыеактыўнага фону ў 75 разоў.
Скрыншот арыгінальнай публікацыі з твітара
Гэтую інфармацыю хутка падхапілі некаторыя ўкраінскія медыя, а таксама ютуб-каналы. Публікавалі яе і беларускія (напрыклад, Рэальная Беларусь), і расійскія каналы (напрыклад, Няўзораў).
У сучасным свеце папросту немагчыма схаваць катастрофу такога маштабу. Нават калі ўлады Расіі вырашылі б нічога не казаць пра ўцечку, яе лёгка праверыць — у тысяч людзей ёсць бытавыя дазіметры, якія хоць і не дакладныя, але дазволілі б вымераць істотную ўцечку. Аніякіх звестак такога кшталту больш чым за суткі не з'явілася.
Такім чынам, гэта фэйк. Да такіх жа высноваў прыйшлі і ўкраінскія рэсурсы.
Насамрэч у растоўскай АЭС сапраўды нядаўна адбыліся праблемы — спыніўся трэці энергаблок праз праблему з турбагенератарам. Праз гэта адбылася нястача энергіі, і ў некаторых рэгіёнах Расіі адключалася электрычнасць. Аднак пра радыяцыйную аварыю гаворкі няма.
Другая АЭС у Беларусі можа з'явіцца на поўдні краіны
УСУ нанеслі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Растоўскай вобласці