Ізраіль нанёс удары па Емене «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных нападаў»

Ізраіль нанёс авіяўдары па еменскім порце Хадэйда, які знаходзіцца пад кантролем узброенага праіранскага руху хусітаў, на наступны дзень пасля таго, як запушчаны групоўкай дрон атакаваў Тэль-Авіў. Ізраільскі прэмʼер назваў авіяўдары прамым адказам на гэтую атаку, піша ВВС. 

21.07.2024 / 08:44

Пажар у еменскім порце Хадэйда.

У заяве Арміі абароны Ізраілю гаворыцца, што «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных паветраных нападаў» хусітаў ізраільскія знішчальнікі F-15 нанеслі масіраваны ўдар на адлегласці больш за 1800 км па ваенных цэлях у раёне порта Хадэйда на Чырвоным моры. 

Урад у Сане, які кантралюецца хусітам, у сваю чаргу заявіў, што Ізраіль нанёс удар па нафтасховішчах недалёка ад берага мора, а таксама па электрастанцыі. Звязаныя з хусітамі агенцтвы навінаў паведамілі, што ў выніку ўдараў тры чалавекі загінулі і больш за 80 атрымалі раненні. 

«Порт, які мы атакавалі, зусім не нявінны, — заявіў у тэлезвароце да ізраільцян прэмʼер-міністр Беньямін Нетаньяху. — Ён выкарыстоўваўся для ваенных мэтаў і служыў пунктам перакідкі смяротнай зброі, якая пастаўлялася хусітам Іранам». 

«Атака была прамым адказам на ўдар беспілотнікам, у выніку якога загінуў грамадзянін Ізраіля і былі паранены іншыя грамадзяне», — сказаў Нетаньяху. 

Напярэдадні хусіты ўзялі на сябе адказнасць за атаку дрона, які раніцай у пятніцу даляцеў да Тэль-Авіва. У выніку выбуху загінуў адзін мірны жыхар — 50-гадовы мужчына, які нядаўна прыехаў з Беларусі, яшчэ восем чалавек былі параненыя. 

Хусіты і раней запускалі іранскія дроны ў бок Ізраіля, іх збівалі ізраільскія СПА. Выпадкаў, калі беспілотнікам ўдавалася даляцець да Тэль-Авіва, да пятніцы вядома не было. Тое, што гэты дрон не быў збіты, ізраільскія ўлады тлумачылі чалавечым фактарам.

Nashaniva.com