Некаторым журналістам з Беларусі забаранілі асвятляць Алімпіяду

Французскія ўлады адхілілі анкеты карэспандэнтаў з-за падазрэнняў, што тыя могуць быць шпіёнамі.

21.07.2024 / 10:08

 

Фота: David Ramos / Getty Images

Улады Францыі забаранілі асвятляць Алімпійскія гульні ў Парыжы некаторым журналістам з Беларусі і Расіі, заявіў кіраўнік МУС краіны Жэральд Дарманен, піша «Спутнік».

Паводле яго слоў, гэта было зроблена для таго, каб пазбегнуць шпіянажу і кібератак.

«Менш за сотню анкет мы адхілілі з-за падазрэнняў у тым, што яны зʼяўляюцца агентамі — шпіёнамі або інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшання ў Гульні», — сказаў Дарманен у інтэрвʼю выданню Le Journal du Dimanche.

Дарманен паведаміў, што было адмоўлена ў праве асвятляць Алімпіяду вялікай колькасці журналістаў з Расіі і Беларусі, а таксама іншых краін, якія чыноўнік не назваў.сп 

Дарманен сказаў, што такім чынам улады ўжываюць «прынцып засцярогі», каб прадстаўнікі шэрагу замежных дзяржаў не змаглі атрымаць доступ да кампʼютарных сетак і здзейсніць кібератаку.

Летнія Алімпійскія гульні 2024 пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня ў Парыжы, Паралімпіяда адбудзецца з 28 жніўня па 8 верасня.

Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў спартсменаў з Беларусі і Расіі на спаборніцтвы пры выкананні шэрага крытэрыяў. Упершыню беларусы выступяць у нейтральным статусе, запрашэнне на Гульні прынялі 17 атлетаў з нашай краіны і 15 — з РФ.

Nashaniva.com