Хусіты абстралялі ізраільскі курорт Эйлат 

Еменскія мяцежнікі адказалі Ізраілю за ўдар па іхнім нафтасховішчы і порце.

21.07.2024 / 18:10

Запуск супрацьракеты Arrow 3. Фота: Wikimedia Commons

Ізраільскія сродкі ППА перахапілі ракету класа «паверхня-паверхня», выпушчаную з Емена ў нядзелю, паведамляе Reuters са спасылкай прэс-службу ЦАХАЛ.

Еменскія мяцежнікі-хусіты тым часам заявілі, што нанеслі некалькі ракетных удараў па ізраільскім курорце Эйлат на Чырвоным моры, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Напярэдадні Ізраіль нанёс авіяўдары па еменскім порце, размешчаным пад кантролем узброенага праіранскага руху хусітаў, на наступны дзень пасля таго, як запушчаны групоўкай дрон атакаваў Тэль-Авіў.

Ізраільскі прэм'ер назваў авіяўдары прамым адказам на гэту атаку.

На відэа, атрыманым Reuters, бачная белая паласа ў небе, якая сведчыць пра перахоп ракеты. Агенцтву ўдалося ўсталяваць месца, адкуль вялася здымка.

Афіцыйныя паведамленні пацвярджаюць, што ў гэтым раёне ў нядзелю сапраўды быў здзейснены перахоп ракеты.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што іхняя сістэма супрацьракетнай абароны Arrow 3 збіла ракету да таго, як тая ўвайшла ў ізраільскую паветраную прастору. Перад перахопам у Эйлаце прагучалі сірэны паветранай трывогі, якія прымусілі жыхароў бегчы ў хованку.

Удар па порце Хадэйда

У суботу ізраільскія знішчальнікі нанеслі ўдары па вайсковых аб'ектах хусітаў у раёне еменскага порта Хадэйда, у выніку якога, як паведамілі звязаныя з хусітамі навінавыя агенцтвы, тры чалавека загінулі і больш за 80 атрымалі раненні.

Гэты авіяўдар быў нанесены ў адказ на запушчаны хусітамі беспілотнік далёкага радыусу дзеяння, які ў пятніцу ўпаў у цэнтры Тэль-Авіва, забіўшы аднаго чалавека і параніўшы яшчэ чатырох.

У заяве Арміі абароны Ізраіля гаворыцца, што праз дзевяць месяцаў бесперапынных паветраных атак хусітаў ізраільскія знішчальнікі F-15 нанеслі масіраваны ўдар на адлегласці больш як 1800 км па ваенных цэлях у раёне порта Хадэйда на Чырвоным моры.

Урад у Сані, які кантралюецца хусітамі, у сваю чаргу заявіў, што Ізраіль нанёс удар па нафтасховішчах недалёка ад узбярэжжа, а таксама па электрастанцыі.

«Порт, які мы атакавалі, зусім не нявінны, — заявіў у тэлезвароце прэм'ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху. — Ён выкарыстоўваўся для ваенных мэт і служыў пунктам перакідкі смяротнай зброі, якая пастаўляецца хусітам Іранам».

«Атака была прамым адказам на ўдар беспілотнікам, у выніку якога загінуў грамадзянін Ізраіля і былі паранены іншыя грамадзяне», — сказаў Нетаньяху.

Напярэдадні хусіты ўзялі на сябе адказнасць за атаку беспілотнага апарата, які рана раніцай у пятніцу даляцеў да Тэль-Авіва. У выніку выбуху загінуў адзін мірны жыхар — 50-гадовы мужчына, які нядаўна прыехаў з Беларусі, яшчэ восем чалавек былі паранены.

Хусіты і раней запускалі іранскія дроны ў бок Ізраіля, іх збівалі ізраільскія СПА. Выпадкаў, калі беспілотнікам удавалася даляцець да Тэль-Авіва, да пятніцы вядома не было. Тое, што гэты дрон не быў збіты, ізраільскія ўлады растлумачылі «чалавечым фактарам».

Прадстаўнік хусітаў Махамед Абдулсалам назваў авіяўдары па порце Хадэйда «жорсткай агрэсіяй Ізраіля супраць Емена», мэта якіх — аказаць ціск на хусітаў, каб тыя спынілі падтрымку палесцінцаў у сектары Газа, чаго, паводле яго слоў, не адбудзецца.

Пасля пачатку вайны ў Газе хусіты сталі атакаваць судны, якія праходзяць каля берагоў Емена праз Баб-эль-Мандэбскі праліў. Яны сцвярджалі пры гэтым, што цэллю становяцца толькі звязаныя з Ізраілем судны. Аднак многія атакаваныя караблі ніяк не звязаны з Ізраілем.

У берагоў Емена праходзіць адзін з найважнейшых маршрутаў сусветнага суднаходства. З прычыны пагрозы нападаў многія судны сталі пазбягаць гэтай зоны і карыстацца даўжэйшым маршрутам вакол Афрыкі, што запавольвае і робіць больш дарагой дастаўку грузаў паміж Еўропай і Азіяй.

Брытанскія і амерыканскія вайсковыя караблі і самалёты са студзеня не раз наносілі ўдары па цэлях хусітаў у Емене, аднак зняць пагрозу цалкам гэта не дапамагло. Акрамя таго, пасля таго, як пачаліся паветраныя ўдары, групоўка таксама нацэлілася на судны, звязаныя з Брытаніяй і ЗША.

Пасля суботняга ўдару па порце міністр абароны Ізраіля Яаў Галант заявіў, што яго краіна пасылае ясны сігнал. «Пажар, які цяпер палае ў Хадэйдзе, бачны па ўсім Блізкім Усходзе, і яго значэнне відавочнае», — сказаў ён.

«Хусіты нападалі на нас больш за 200 раз. У першы раз, калі яны прычынілі шкоду грамадзяніну Ізраіля, мы нанеслі ўдар па іх. І мы зробім гэта ў любым месцы, дзе гэта можа быць патрэбна», — дадаў Галант.

«Кожны, хто нападзе на нас, заплаціць вельмі высокі кошт за сваю агрэсію», — сказаў у тэлезвароце Нетаньяху.

Вышэйшы палітычны савет хусітаў у сваю чаргу заявіў, што на авіяўдары Ізраіля будзе дадзены «эфектыўны адказ».

Ізраіль нанёс удары па Емене «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных нападаў»

У Ізраілі пры атацы дрона загінуў рэпатрыянт з Беларусі

Nashaniva.com