«Не будзем забываць пра замучаную Украіну, Палесціну, Ізраіль». Папа Францішак заклікаў да алімпійскага перамір'я
Гэтай традыцыі ўжо амаль 3-ы тысячагоддзі.
21.07.2024 / 19:05
Папа Рымскі Францішак. Фота: Vatican News
У нядзелю, 21 ліпеня, пантыфік заклікаў спыніць усе ваенныя канфлікты на час правядзення Алімпійскіх гульняў у Парыжы.
Францішак выказаў надзею, што Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Парыжы дадуць магчымасць краінам, якія знаходзяцца ў стане вайны, паважаць старажытнагрэчаскую традыцыю і ўстанавіць перамір'е на час Гульняў.
«Згодна са старажытнай традыцыяй, няхай Алімпіяда стане магчымасцю ўсталяваць перамір'е ў войнах, прадэманстраваўшы шчырую волю да міру», — сказаў Францішак падчас малітвы Angelus на плошчы Святога Пятра.
«Я спадзяюся, што гэтая падзея можа стаць знакам інклюзіўнага свету, які мы жадаем пабудаваць, і што спартоўцы могуць стаць пасланнікамі міру і каштоўнымі ўзорамі для моладзі.
Давайце не забываць пра замучаную Украіну, Палесціну, Ізраіль, М'янму і многія іншыя краін, якія знаходзяцца ў стане вайны. Давайце не забываць, вайна — гэта паражэнне», — сказаў на заканчэнне ён.
Традыцыя алімпійская перамір'я з'явілася ў VIII стагоддзі да н.э. У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт адрадзіў гэту традыцыю, звярнуўшыся да ўсіх дзяржаў з заклікам выконваць гэта перамір'е.
Генеральная Асамблея ААН настойліва заклікае дзяржавы выконваць алімпійскае перамір'е за сем дзён да адкрыцця і праз сем дзён пасля закрыцця кожных Алімпійскіх гульняў.
Паводле інфармацыі The New York Times у пачатку 2022 года кітайскія ўлады звярнуліся да Расіі з просьбай адкласці запланаванае ўварванне ва Украіну на час зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Уварванне сапраўды пачалося пасля закрыцця Гульняў, што, магчыма, дало Украіне дадатковы час для падрыхтоўкі абароны краіны.
Цырымонія адкрыцця 33-х Алімпійскіх гульняў адбудзецца ў Парыжы 26 ліпеня з удзелам 205 дэлегацый спартсменаў, якія пройдуць парадам на больш як 80 лодках па Сене.
Былая беларуская спартсменка ўжо другі раз за жыццё памяняла спартыўнае грамадзянства
Крысціна Ціманоўская пахвалілася запрашэннем на Алімпіяду
Алімпіяду-2024 у Беларусі не пакажуць