Латушка: прыгаворанага да расстрэлу Крыгера могуць абмяняць на супрацоўніка ФСБ Красікава

Кіраўнік бачыць падставы лічыць, што прысуд грамадзяніну Германіі вынесены ў Беларусі ў рамках «дагаварняка» Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём.

21.07.2024 / 20:06

Рыка Крыгер у час судовага працэсу ў Беларусі. 

 Пра гэта палітык заявіў у сваім ютуб-канале, перадае выданне «Позірк».

«Бо ў Германіі сядзіць на пажыццёвым зняволенні расійскі супрацоўнік ФСБ Вадзім Красікаў. Паводле некаторых звестак, кіраўнік Крамля [Уладзімір Пуцін] некалькі разоў хацеў яго выменяць, але Германія адмаўлялася. Зараз жа Лукашэнка разам з Пуціным вырашылі не пакінуць Берліну выбару — узялі ў закладнікі грамадзяніна Германіі і прыгразілі яму смяротным пакараннем», — сказаў Латушка.

Паводле яго слоў, сам факт існавання ў Беларусі смяротнага пакарання можа мець толькі адну ацэнку: гэтага не павінна быць у еўрапейскай краіне.

«Гэты прысуд можна трактаваць як тэрарыстычны акт, і Лукашэнка сапраўды з’яўляецца тэрарыстам. За жыццё грамадзяніна Германіі ён запатрабуе нейкую цану — выкуп або абмен. І можна нават выказаць здагадку якую», — падкрэсліў кіраўнік НАУ.

58-гадовы Вадзім Красікаў — афіцэр расійскіх спецслужбаў, прыгавораны ў Германіі да пажыццёвага зняволення за заказное забойства ў Берліне былога чачэнскага палявога камандзіра ўраджэнца Грузіі Зелімхана Хангашвілі.

Дзейнічаў у Германіі з дакументамі на імя Вадзіма Сакалова. 23 жніўня 2019 года пад’ехаў на ровары да Хангашвілі, які накіроўваўся пешшу на пятнічную малітву ў мячэць. Зрабіў тры стрэлы з пісталета, у выніку якіх чачэнец быў забіты на месцы. Зброю і ровар выкінуў у раку Шпрэе, зняў парык і пераапрануўся. Быў заўважаны двума падлеткамі, якія выклікалі паліцыю. Неўзабаве быў затрыманы.

У СМІ з’яўлялася інфармацыя пра перамовы Масквы і Берліна з нагоды абмену Красікава на палітзняволенага апазіцыянера Аляксея Навальнага, але 16 лютага той памёр у расійскай калоніі пры нявысветленых абставінах.

Раней магчымасць абмену Крыгера на Красікава дапусціў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

З'явілася ФОТА з суда над Рыка Крыгерам

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Беларусь пацвердзіла расстрэльны прысуд Крыгеру: «Германіі прапанаваныя канкрэтныя рашэнні»

Што вядома пра суддзю і пракурорку, якія вынеслі смяротны прысуд грамадзяніну Германіі

Nashaniva.com