Спікер Палаты прадстаўнікоў заклікаў Байдэна неадкладна пайсці ў адстаўку з пасады прэзідэнта

Рэспубліканец Майк Джонсан назваў адмову Байдэна ад працягу ўдзелу ў гонцы беспрэцэдэнтным момантам у гісторыі ЗША.

21.07.2024 / 23:36

Майк Джонсан. Фота: Joe Raedle/Getty Images

Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан заклікаў прэзідэнта Джо Байдэна неадкладна пайсці ў адстаўку.

Рэспубліканец у твітары назваў выхад Байдэна з гонкі за 100 дзён да выбараў беспрэцэдэнтным момантам у гісторыі ЗША.

«Дэмакратычная партыя выключыла кандыдата ад Дэмакратычнай партыі з выбарчага бюлетэня крыху больш чым за 100 дзён да выбараў. Ліквідаваўшы галасы больш за 14 мільёнаў амерыканцаў, якія абралі Джо Байдэна кандыдатам ад дэмакратаў на пасаду прэзідэнта, самаабвешчаная «партыя дэмакратыі» даказала проста супрацьлеглае», — заявіў Джонсан.

Спікер ніжняй палаты Кангрэса назваў віцэ-прэзідэнтку Камалу Харыс, якую Байдэн падтрымаў у якасці кандыдата, «сааўтаркай катастрафічных правалаў адміністрацыі Байдэна».

«Харыс стала радасным саўдзельнікам не толькі ў разбурэнні амерыканскага суверэнітэту, бяспекі і росквіту, але і ў найбуйнейшым палітычным утойванні ў гісторыі ЗША. Яна, як ніхто іншы, ведала пра яго (Байдэна) няздольнасць кіраваць», — лічыць Джонсан.

Кангрэсмен заклікаў Байдэна неадкладна пайсці ў адстаўку.

«Калі Джо Байдэн не дастойны балатавацца на пасаду прэзідэнта, ён не дастойны займаць пасаду прэзідэнта. Ён павінен неадкладна пайсці ў адстаўку. 5 лістапада яшчэ не хутка», — адзначыў спікер.

Джонсан запэўніў амерыканцаў, што Кангрэс гатовы абараняць інтарэсы ЗША як усярэдзіне краіны, так і за яе межамі.

«Надышоў час аб'яднацца і перамагчы Трампа». Байдэн падтрымаў кандыдатуру Камалы Харыс на выбарах

«Найгоршы прэзідэнт у гісторыі краіны». Дональд Трамп пракаментаваў выхад Джо Байдэна з прэзідэнцкай гонкі

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Што адбудзецца, калі Байдэн выйдзе з прэзідэнцкай гонкі?

Nashaniva.com