Між тым у Байдэна нават галава не трэслася

Цяпер, калі перспектывы Беларусі многім здаюцца безнадзейнымі, вайна — бясконцай, а залежнасць ад Расіі — татальнай, мы забываем, што ў 2020 годзе Беларусь была ад здабыцця дэмакратыі і незалежнасці на адлегласці выцягнутай рукі, піша Мікола Бугай. І выхад Байдэна з гонкі нагадаў нам, як усё проста можа здарыцца пры некалькіх простых умовах.

22.07.2024 / 00:05

Аляксандр Лукашэнка п'е мінеральную ваду. 4 ліпеня 2024 года на саміце ШАС у Астане. Фота Contributor Getty Images

Калі б у 2020 годзе Лукашэнка прызнаў паражэнне і павіншаваў пераможцу, у Масквы не было б ані найменшай падставы, каб умяшацца. І такі варыянт не быў нерэальным — пазіцыя дзяцей Лукашэнкі ў той момант гэта даказвае.

Масква, вядома, муціла б ваду пасля. Але канкрэтна тады вымушаная была б прызнаць і павіншаваць.

І хто знае, ці пачалася б у 2022 годзе самая страшная ў Еўропе вайна, калі б у 2020-м Лукашэнка прызнаў рэальнасць.

Масква працуе на раскол грамадстваў і ўлазіць туды і тады, калі гэтага расколу ўдаецца дасягнуць, як двойчы ў выпадку з Януковічам на Украіне. Але ў 2020-м беларускае грамадства было ўнікальна аднадушным, што давала беларусам — і Лукашэнку — унікальны гістарычны шанец.

Але што ты зробіш з герастратам…

Лукашэнкаўцам хацелася, каб Байдэн балатаваўся. Яны смакавалі і абмяркоўвалі кожны ягоны фэйл з заўзятасцю Глеба Сямёнава і Вані Пруса. Сваё не дай бог абмеркаваць, затое амерыканскае яны ўжо абсудзілі дык абсудзілі. Між тым у Байдэна нават галава не трэслася.

Што да Амерыкі, то за каго там топіць пуцінская прапаганда? Тады нам усё ясна, што ім выгадна.

Але што да Беларусі, то добраахвотная саступка дарогі Байдэнам яшчэ раз нагадвае нам, якія простыя крокі і простыя ўмовы трэба, каб Беларусь такі здабыла дэмакратыю і незалежнасць, чаго беларусы адназначна заслугоўваюць: 2020 год і ўсё, што было пасля, тое даказалі.

Мікола Бугай