Чаму Байдэн вырашыў выйсці з гонкі? Вось што пра гэта пішуць сусветныя медыя

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн вырашыў не балатавацца на другі тэрмін. Паспрабавалі разабрацца, чаму — пераказваем меркаванні сусветных медыя.

22.07.2024 / 08:55

Джо Байдэн. Фота: Gage Skidmore / flickr.com / CC BY-SA 2.0

Вялікі артыкул па гэтай тэме выпусціў Time. Журналісты выдання лічаць, што выхаду Байдэна з гонкі паспрыялі абставіны — як аб'ектыўныя, гэтак і суб'ектыўныя.

Аўтары лічаць, што Байдэн быў перакананы ў тым, што здольны да супрацьстаяння. Па меркаванні аўтараў, сам Джо лічыў, што здольны перамагчы Трампа.

Але здарыліся дзве рэчы. Спачатку замах на Трампа, які ўмацаваў яго пазіцыі.

Пасля Байдэн захварэў на кавід і быў змушаны ўзяць адпачынак, каб ачуняць. Там ён скардзіўся на праблемы з донарамі, злаваўся на тое, што яго не паважаюць былыя паплечнікі і сябры, абураўся непавагай да яго дасягненняў. Але, як кажуць аўтары, усе ведалі, што ён усур'ёз абдумваў сыход.

Па меркаванні аўтараў, гэты дзве акалічнасці паўплывалі на выбар Байдэна найбольш, бо нават дэмакраты перасталі хаваць, што ён мусіў выйсці з гонкі.

Троху іншага пераканання прытрымліваюцца аўтары Politico. Па звестках аўтараў, Байдэн прыняў рашэнне ў самы апошні момант. Пару дзён таму ён быў яшчэ пэўны ў тым, што будзе ўдзельнічаць у гонцы.

Стыў Рыкеці прыехаў да Байдэна ў пятніцу, калі той узяў адпачынак па хваробе ў сваёй рэзідэнцыі. Майк Донілан прыехаў на наступны дзень. Па звестках выдання, гэта людзі, якім Байдэн давярае і якія былі з ім, калі ён вырашаўся быць прэзідэнтам у 2016 і 2020 гадах.

Па звестках Politico, акрамя праблемаў з донарамі і зборам сродкаў, яны паказалі яму апытанні. Яны ўразілі Байдэна — выглядала так, што шлях да перамогі, які вымалёўваўся з лістапада, быў страчаны.

Па звестках выдання, пасля таго, як Байдэн усвядоміў, што ў яго не вераць нават былыя паплечнікі і выбаршчыкі з ліку дэмакратаў, ён вырашыў зняцца з гонкі. 

Учора ў 13:45 ён паведаміў сваёй працоўнай групе, што не будзе балатавацца і падзякаваў ім за працу. А неўзабаве напісаў, што здымаецца.

Гэта, па меркаванні аўтараў, дазволіла яму захаваць твар і выйсці з гонкі на ягоных умовах — пройгрыш каштаваў бы яму вельмі дорага.

Адразу пасля выхаду з гонкі на Байдэна пасыпаліся хвалебныя водгукі замест негатыву, які дэмакраты адкрыта выказвалі раней.

«Хоць я хацеў дамагчыся пераабрання, я лічу, што ў інтарэсах маёй партыі і краіны сысці ў адстаўку і засяродзіцца на выкананні сваіх абавязкаў прэзідэнта да канца тэрміну», — падсумаваў свой выхад з гонкі Джо Байдэн.

Хто такая Камала Харыс — адзін з найбольш імаверных кандыдатаў у прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў замест Байдэна

Між тым у Байдэна нават галава не трэслася

Як апытанні ацэньваюць шансы Камалы Харыс перамагчы Дональда Трампа на выбарах у ЗША

Nashaniva.com