«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу
Прапагандыстка Людміла Гладкая патлумачыла, чаму не будзе абяцанага ёю рэпартажа з адкрытага суда над немцам Рыкам Крыгерам, асуджаным у Беларусі да смяротнага пакарання, і расказала некаторыя акалічнасці яго справы.
22.07.2024 / 11:52
Паводле Гладкай, не пазней за 20 верасня 2023 года полк Каліноўскага (яна яго не называе, але, імаверна, мае на ўвазе пад фармулёўкай «недаполк») «ўцягнуў» Крыгера «як непасрэднага выканаўцу злачынстваў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тэракту пад іх кіраўніцтвам».
«20 верасня немец пацвердзіў гатоўнасць працаваць на ўкраінскія спецслужбы, здзяйсняць тэракты ў складзе злачыннай групы супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі», — піша Гладкая.
У Беларусь Крыгер заехаў турыстам 2 кастрычніка 2023-га, паводле прапагандысткі, з тэлефонамі і беспілотнікам.
Яна ўдакладняе, што паводле задання, якое Крыгер нібыта атрымаў ад СБУ, ён павінен быў «правесці ў Асіповічах разведку і фатаграфаванне абʼектаў па каардынатах».
Затрыманы Крыгер быў 13 кастрычніка 2023-га.
Крыгера абвінавачвалі паводле часткі 3 артыкула 289 — «акт тэрарызму», арт. 358 заўв. 1 — «агентурная дзейнасць», арт. 133 — «наёмніцтва», ч. 3 арт. 361 заўв. 1 — «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім», ч. 4 арт. 295 — «незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і па ч. 4 арт. 309 — «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін».
«Рускай [мовы] не ведае, таму ў судзе быў перакладчык, консульская дапамога забяспечаная», — дадае Гладкая.
Прысуд — смяротнае пакаранне — быў абвешчаны месяц таму. Потым прайшло абскарджванне.
Што менавіта зрабіў Крыгер на тэрыторыі Беларусі, за што яго прысудзілі да расстрэлу, так і не вядома.
Гладкая, якая апублікавала днямі фотку з залы суда, патлумачыла, чаму так і не зрабіла рэпартаж з адкрытага суда над Крыгерам.
«Публікацыю, прызнаюся, прытрымала спецыяльна, каб паглядзець на рэакцыю бчб-агентуры і іншых празаходніх пракладак. Чакана, што гучней за ўсіх, нават за нямецкія СМІ, заверашчалі сеткавыя рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. І ні адна (адзін/адно) з гэтых клікуш не асудзіла проста дзічэлыя злачынствы тэрарыста. Я ўжо не кажу пра кіламетр недакладнасцяў і хлусні», — напісала Гладкая, так і не патлумачыўшы, якія менавіта «дзічэлыя злачынствы» здзейсніў немец.
Латушка: прыгаворанага да расстрэлу Крыгера могуць абмяняць на супрацоўніка ФСБ Красікава
Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць
Беларусь пацвердзіла расстрэльны прысуд Крыгеру: «Германіі прапанаваныя канкрэтныя рашэнні»
Што вядома пра суддзю і пракурорку, якія вынеслі смяротны прысуд грамадзяніну Германіі
Z-канал: Імаверна, Крыгер арганізоўваў дыверсіі ў Бранскай вобласці
МЗС Германіі пацвердзіў інфармацыю пра смяротны прысуд свайму грамадзяніну ў Беларусі
Ці можна ў Беларусі прысудзіць да расстрэлу замежніка? Адказваюць юрысты
Полк Каліноўскага адмаўляе датычнасць Рыка Крыгера да падраздзялення
Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл
Грамадзяніна Германіі прысудзілі ў Беларусі да расстрэлу