Борыс Джонсан расказаў, у чым заключаецца мірны план Дональда Трампа па Украіне

«Не забывайце, што менавіта Трамп, а не Абама або Байдэн, даў украінцам супрацьтанкавую зброю «Джавелін», якая стала вырашальнай у бітве за Кіеў у 2022 годзе», — звяртае ўвагу экс-прэм'ер Брытаніі.

22.07.2024 / 12:10

Дональд Трамп. Фота: Bill Pugliano / Getty Images

Некалькі дзён таму былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан сустрэўся з кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам. Па вяртанні ў Вялікабрытанію ён расказаў Daily Mail аб тым, як рэспубліканец у выпадку перамогі на выбарах плануе ўрэгуляваць ваенны канфлікт паміж Расіяй і Украінай, піша Bild.

Па словах Джонсана, план Трампа не мае нічога агульнага з асцярогамі многіх еўрапейцаў, якія баяцца, што ён проста адмовіцца ад дапамогі Украіне ў выпадку перамогі на выбарах.

Наадварот — Трамп можа нават рэзка ўзмацніць падтрымку Украіны на пачатковым этапе.

«Не забывайце, што менавіта Трамп, а не Абама або Байдэн, падаў украінцам супрацьтанкавую зброю «Джавелін», якая стала вырашальнай у бітве за Кіеў у 2022 годзе», — сказаў Джонсан.

У якасці першага кроку Трамп — а разам з ім і кіраўнікі іншых заходніх краін — мог бы дазволіць Украіне выкарыстоўваць ракеты ATACMS і Storm Shadow супраць аэрадромаў на тэрыторыі Расіі. Украіна ўжо даўно заклікае Захад пайсці на гэты крок, аднак пакуль што УСУ можа атакаваць з дапамогай заходняй зброі толькі асобныя пазіцыі ў расійскіх прымежных рэгіёнах.

Па словах Джонсана, здзелка можа выглядаць наступным чынам: Расія павінна будзе адступіць да межаў 24 лютага 2022 года, а Украіна, адпаведна, атрымае назад усе акупаваныя тэрыторыі, акрамя Крыма. Тады Украіна Краіна зможа свабодна ўступіць у ЕС і НАТА, калі альянс будзе да гэтага гатовы.

Узамен Украіна можа ўвесці спецыяльныя законы аб абароне рускай мовы, што дазволіла б расійскім уладам заявіць аб дасягненні мэт «спецаперацыі».

Сам Джонсан з аптымізмам глядзіць на тое, што рэспубліканец зможа пакласці канец вайне паміж Расіяй і Ўкраінай.

«Пасля размовы з Дональдам Трампам на гэтым тыдні я як ніколі перакананы, што ў яго хопіць сіл і мужнасці, каб выратаваць Украіну, усталяваць мір і спыніць катастрафічнае распаўсюджванне канфлікту», — заявіў Джонсан.

Борыс Джонсан: Трамп можа выратаваць Украіну

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Як апытанні ацэньваюць шансы Камалы Харыс перамагчы Дональда Трампа на выбарах у ЗША

Nashaniva.com